У Бруселі паказалі праект фатографа з Беларусі Аляксея Казанцава пра архетыповую сімволіку жывёл і змененыя станы свядомасці

Фота: facebook/aleksei.kazantsev

У Бруселі прэзентавалі і абмеркавалі кнігу фатографа з Беларусі Аляксея Казанцава “Relaxing Chamber” ў фотагалерэі “L’Enfant Sauvage”, дзе апошнія дні праходзіць персанальная выстава аўтара, піша reform.by.

Фота: facebook/aleksei.kazantsev

Першая прэзентацыя кнігі адбылася яшчэ на выставе фотакніг Polycopies у Парыжы 9-13 лістапада летась.

“Relaxing Chamber” – гэта серыя фатаграфій, што пастаянна дапаўняецца. Яна абяднаная адной тэмай: ідэяй свядомасці ў людзей і жывёл. Выявы ўяўляюць сабой матывы чалавечых постацей і фрагменты формаў жывёл, часта не адразу пазнавальных, бо відаць толькі кіпцюры і шчупальцы, якія тырчаць вонкі, застылыя ў стане спакою.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: facebook/aleksei.kazantsev

І ёсць людзі, акружаныя чорнай пустэчай, нейкія з іх здаюцца спячымі, нейкія ў экстатычным трансе, іншыя ў сузіранні.

Фота: facebook/aleksei.kazantsev

Праект развіваецца вакол доследаў чалавечай псіхікі і звязаны з архетыповай сімволікай жывёл у калектыўнай неўсвядомленай памяці, гіпнатычным станам, змененымі станамі свядомасці ў трансе і звязанымі з імі з’явамі, такімі як пачуцці эйфарыі, ізаляцыі і дысацыяцыі ў паўсядзённым жыцці.

Фота: facebook/aleksei.kazantsev

“Relaxing Chamber” – гэта кантэйнер з вельмі высокай вільготнасцю. Калі насякомыя паміраюць, развіваецца трупнае адубенне, якое часта прыводзіць да дэфармацыі цела. У такіх выпадках выкарыстоўваецца “Relaxing Chamber”, каб зрабіць іх гнуткімі і прыдатнымі для калекцыянавання.

Фота: facebook/aleksei.kazantsev

Аляксей Казанцаў (Слуцк, Беларусь, 1975) – мастак-візуаліст, які працуе ў сферы фатаграфіі. Жыве і працуе ў Антверпене, Бельгія. Вывучаў фатаграфію ў Каралеўскай Акадэміі выяўленчых мастацтваў Антверпена. Яго працы інтуітыўна вынікаюць з візуальнай спадчыны архетыповых вобразаў, яны звязаны з калектыўнай неўсвядомленай памяццю, з доследамі гіпнатычных станаў, трансу, памежных станаў розуму. Мастак, выкарыстоўваючы змененыя перспектывы і скажонае бачанне, прымушае адчуць дэзарыентацыю і распазнаць звышнатуральнае.

reform.by