Спектакль па кнізе беларускага пісьменніка і праваабаронцы Віктора Сазонава паставілі ў Беластоку

У беластоцкай тэатральнай майстэрні «Юстына Гадлеўская і сябры» прайшла прэм’ера спектакля «Граніца», пастаўленага па сюжэтах кніг «Занатоўкі кантрабандыста» гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава і «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» знакамітага польскага пісьменніка беларускага паходжання ХХ стагоддзя Сяргея Пясецкага, піша «Радыё Ўнэт». У цэнтры ўвагі – польска-савецкая і польска-беларуская мяжа не толькі як крыніца прыбытку для кантрабандыстаў, але і абшар з асаблівым каларытам, правіламі, традыцыямі.

«Нібыта цэнтр Падляшша, метраполія, але гэта быў цэлы свет для людзей. Драўняныя лаўкі і паўсюды гандаль. Тут, на гэтым вакзале можна было купіць усё – ад свежых булачак да свежых часопісаў, цацак і хіміі з Германіі. Адзін такі малы вакзал змяшчаў столькі тавараў, што Kaufland мог толькі пазайздросціць. І ўсё гэта пакрыта тоўстым слоем пылу. Брудныя вокны…, праз якія абсалютна не было відаць, што робіцца на вуліцы. Але былі з таго плюсы: за гэты бруд можна было схавацца, так як мы хавалі кантрабанду, так мы хаваліся на вакзале. Калісьці ўсё было шчырае…»

З такога настальгічнага расповеду пачынаецца спектакль, і гэтая настальгія цягнецца амаль да яго канца. Амаль – бо апошнія дзеянні адбываюцца ўжо не паводле «Занатовак кантрабандыста» Віктара Сазонава, які апісвае кантрабанднае жыццё беларуска-польскага памежжа канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, і не паводле «Каханка Вялікай Мядзведзіцы», напісанага Сяргеем Пясецкім аб небяспечна-прыгодніцкіх рэаліях мяжы паміж Польшчай і СССР да 1939 года. Апошнія моманты спектакля тычыцца падзей, сведкамі якіх мы былі за мінулыя тры гады – уцякацтва ад лукашэнкаўскага рэжыму, мігранцкі крызіс, украінскія ваенныя бежанцы і пабудова высачэзнага плоту паміж Польшчай і Беларуссю.

Такім чынам пра мяжу, да якой ад Беластока зараз усяго паўсотні кіламетраў, ёсць што распавесці, прынамсі гульнёй маладой актрысы Караліны Мазурак па сцэнарыі Малікі Томкель. У гэтым упэўнены рэжысёр пастаноўкі, выхадзец з Гродна, які ўжо восем гадоў жыве ў Беластоку, Антон Іллін.

«Ідэя пра спектакль, пра граніцу была яшчэ тады, калі я прыехаў сюды вучыцца ў Беластоцкую тэатральную акадэмію, дзе людзі, ну можа якія жывуць у Беластоку, то і ведаюць, а якія прыехалі з іншых месцаў можа і не ведаюць, як выглядае мяжа і колькі прыгод пры перасячэнні яе. Тады яшчэ з’явілася ідэя пра гэта людзям распавесці і паказаць, як гэта адбываецца. І зрабіць такі разгляд усёй гісторыі мяжы – тое, што адбывалася падчас вайны, да вайны, і менавіта тая частка самая вясёлая пра кантрабандыстаў з 90-х, прыгоды, якія я асабіста бачыў, а таксама новыя сітуацыі на мяжы», – распавёў рэжысёр.

Прэм’ера «Граніцы» стала магчымай дзякуючы фінансаванню з боку беластоцкіх гарадскіх улад, якія падтрымалі праект «Спектаклі для суседзяў» тэатральнай майстэрні «Юстына Гадлеўская і сябры».

Кніга Віктара Сазонава «Занатоўкі кантрабандыста або аповеды Сымона Нальшанскага», сюжэты адкуль прадстаўлены беласточанам, была выдадзена ў 2006 годзе Праграмнай радай тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва». Акрамя таго, гэты гродзенскі праваабаронца, пісьменнік і журналіст з’яўляецца аўтарам кніг «Генетычны алфавіт», «Сумная гісторыя», «Суседскія былі», «Паэзія прозы» і «Сандалі мітрапалітыка». Сёлета 7 красавіка ён быў затрыманы лукашэнкаўскімі сілавікамі ў Гродне. Трое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Затым праваабаронцу прысудзілі вялікі штраф, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Таксама Віктара Сазонава затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года, калі па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў праваабаронцаў. Значны час ён быў у статусе падазраванага па «справе праваабарончага цэнтра Вясна», знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, пазней з яго гэты статус знялі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm