«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 5: «Здыміце пагоны альбо я з вас іх сарву»

«Новы Час» працягвае публікацыю ўспамінаў палітзняволенай Вольгі Класкоўскай.

У папярэдніх частках дзённікаў, я распавяла, як палітвязні заварожвалі вопратку сілавікоў, як адміністрацыя калоніі пакарала мяне за вокліч «Жыве Беларусь!» і як турэмныя медыкі лячылі вязняў у ШІЗА. Сёння згадваю, як у часе этапу сустрэлася з фігурантамі «справы Аўтуховіча», як аператыўнік саджаў мяне ў клетку і што начальнік калоніі распавядаў мне пра свой пісталет.

Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў»

У купэ з Фаінай Ранеўскай

— Заходзь, не саромейся, сядай побач, прывітанне, — звярнулася да мяне ў «сталыпіне» (цягніку, што перавозіць арыштантаў) Ірына Мельхер, фігурантка «справы Аўтуховіча». — Курыш? То давай па адной. Эй, хлопцы, дайце нам кіпетню, калі ласка!»

Канваір з цікаўнасцю паглядзеў на Ірыну, добразычліва прамямліў: «Немного позже. Еще поезд не тронулся».

Іра (яна папрасіла, каб я яе менавіта так называла) дужа нагадала мне і ў гэты момант, і пасля Фаіну Ранеўскую. Такая ж харызматычная, такая ж упэўненая ў сабе, бязмежна абаяльная і з выдатным пачуццём гумару.

Нас этапавалі ў баранавіцкае СІЗА ў двухмесным купэ. Хаця «купэ» — гэта занадта гучна сказана: хутчэй, звычайная закратаваная будка, толькі што на колах.

Не паспела я і прысесці, як Ірына ўжо разварочвала нейкія пакеты: на акуратна пасцеленай газетцы з’явіліся каўбаса, хлеб, гуркі, фрукты, прысмакі.

— Давай, налятай. Частуйся, калі ласка, Воля. А хто табе Аляксандр Класкоўскі? Тата? Дык я ж яго добра ведаю, усе артыкулы яго чытаю, яшчэ з васьмідзясятых — часоў, калі ён быў галоўным рэдактарам «Знамени Юности».

Вочы Ірыны глядзяць з цеплынёй, робяцца вільготнымі, і яна працягвае:

— Я не палітык, я звычайны чалавек, гандляр. Але заўсёды дужа перажывала за лёс Беларусі. У дзевяностых распаўсюджвала «Народную волю». Вось пабачыш, усё будзе добра неўзабаве. Эй, хлопчыкі, дык а што там з кіпетнем? А то мы ўжо селі кушаць.

Пасля сытнага абеду і прыемнай размовы на душы аж пацяплела. Нібыта нейкі груз з плячэй зваліўся.

Я запела «Муры». Пасля «Пагоню». Іра падпявала і апладзіравала. Канвой не зрабіў аніводнай заўвагі. Таксама слухаў. Пасля таго, як мы скончылі спяваць, пачуліся гучныя апладысменты з суседніх купэ: нашы хлопцы крычалі нам «Брава!». Канвой зноўку змаўчаў.

У баранавіцкім СІЗА мы доўга ішлі па нейкіх падземных лабірынтах, дужа стаміліся, бо цягнулі на сабе цяжкія торбы.

Ззаду ішоў маладзенькі канваір з сабакам. Усё хацеў завязаць размову, было відаць, што яму сумна, але мне ў гэты момант было зусім не да размоў, і я папрасіла яго паднесці адну з маіх торб.

— Не положено, — з няёмкасцю вымавіў службоўца. — Слушай, ну ответь ты мне на такой вопрос: неужели вы, змагары, не понимаете, что вы проиграли?

— Прайграная бітва не азначае, што прайграна вайна, — падміргнула я яму на развітанне.

«Калі не папросіце прабачэння, я выкінуся з вакна»

У транзітнай камеры, дзе мы з Ірынай начавалі, было вельмі халодна, пасцельная бялізна і матрац адсутнічалі. Падаслалі пад сябе курткі, а паверх укрыліся халатамі і кофтамі.

Раніца. З лязгатам адчыняюцца дзверы і ў камеру заводзяць Любоў Разановіч — яшчэ адну фігурантку «справы Аўтуховіча».

— Іра! Што ж з намі будзе?! — кінулася да сяброўкі наша новая сукамерніца і наўзрыд заплакала.

— Люба, ну ўсё, хопіць, супакойся. Неяк абыдзецца. Ну не плач, вазьмі сябе ў рукі, — супакойвала тую Ірына.

Праз некалькі гадзін у камеру ўварваліся ўскудлачаныя супрацоўнікі: былі самі не свае.

Мы не адразу зразумелі, што адбываецца. У карпуснога ў прамым сэнсе пот з ілба ліўся, вочы былі збянтэжаныя.

— Мельхер, на выход! — сарваным голасам загадаў службоўца. — Быстрее!

Усё адбывалася настолькі хутка, што мы нават не паспелі толкам развітацца з Ірынай. У спешцы яна забыла ў прыбіральні пачак цыгарэт.

Наступнай з камеры вывялі мяне.

— Вот дела… Это же надо! — выціраў далонню лоб карпусны.

— А што здарылася? — запытваюся ў таго.

— Да я не понимаю, как такое могло получиться! Их же вместе нельзя было в одну камеру сажать, они же подельники и суда еще не было. Им нельзя пересекаться и разговаривать, — цалкам выдае раскладку службоўца.

Дарэчы, Ірына і Любоў не толькі перасякліся, але яшчэ і гадзіны тры змаглі паразмаўляць.

Людзі ў пагонах у прамым сэнсе сябе за локці кусалі пасля: гэтых дзвюх жанчын везлі ў баранавіцкае СІЗА амаль адначасова, але рознымі цягнікамі — крый Божа, каб тыя не сустрэліся. І тут на табе. Самі ж службоўцы гэту сустрэчу падзельнікаў урэшце і арганізавалі. І схамянуліся нават не адразу.

З Любоўю Разановіч мы праседзелі ў іншай камеры тры дні. Падчас праверак кабета ніколі не называла артыкула, па якім яна абвінавачвалася, таксама адмаўлялася называць катэгорыю прафуліку, на які яе паставілі службоўцы.

— Для мяне гэта прынцыповая пазіцыя, — сказала мне яна тады. — Я не тэрарыст і ніякага злачынства не здзяйсняла. Я жонка святара і ўсё жыццё аддала служэнню Богу і барацьбе за праўду. Калі кіраўнік брэсцкага СІЗА Вашкевіч абвінаваціў мяне ў тым, што я нібыта падпальвала нейкія машыны, я аб’явіла сухую галадоўку і сказала яму, што калі ён не папросіць у мяне прабачэння, я выкінуся ў вакно — размова адбывалася ў яго кабінеце. Праз некалькі дзён ён выбачыўся.

Напярэдадні развітання (мяне пасля павезлі на Валадарку, Любоў Разановіч — у гродзенскае СІЗА) мая сукамерніца папрасіла, каб я запісала ў яе нататнік словы песні «Магутны Божа».

Мы яе, песню, разам і заспявалі тады.

Пазней, калі я ўжо вярнулася ў калонію з новым тэрмінам, я даведалася, што Ірына Мельхер і Любоў Разановіч атрымалі жахлівыя тэрміны: 17 і 15 гадоў пазбаўлення волі.

Перавыхаванне па-кузняцоўску

Аляксандр Кузняцоў (ён жа Аляксандр Джасаў) — самы жорсткі аператыўнік гомельскай калоніі. Вельмі ганарыцца сваёй жорсткасцю, яму падабаецца, што зняволеныя яго баяцца, ён падсілкоўваецца іх страхам.

Неабмежаваная ўлада і адчуванне беспакаранасці інспіруюць яго бязмежна — добра развітая фантазія і натура садыста дазваляюць гэтаму кадру з кожным днём знаходзіць усё новыя і новыя формы здзекаў з вязняў. Сам ён свае метады з трапятаннем называе «выхаваўчымі».

Такія кузняцовы ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя гнаілі эліту нацыі ў ГУЛАГах і расстрэльвалі беларусаў у Курапатах. І толькі таму, што амаль ніхто з катаў тых часоў так і не панёс адказнасці за свае злачынствы, такія кузняцовы правяць баль і сёння. Год 2023-і, а кузняцовы працягваюць знішчаць беларускую нацыю.

— Если надо будет, мы тебя расстреляем, — неяк сказаў мне ён. — Мы ж люди подневольные: что нам скажут, то и сделаем.

Я ўважліва тады паглядзела ў вочы гэтаму чалавеку. Яны былі пустыя. Шкляныя, нібыта ў лялькі. Абсалютна ніякіх эмоцый. З такім позіркам, падумалася мне тады, маньякі распраўляюцца са сваімі ахвярамі.

Гэта менавіта ён саджаў мяне ў клетку, гэта ён з’яўляецца аператыўным куратарам 9-га прэс-атрада, гэта ён, Кузняцоў, прыдумляў і прыдумляе самыя прыніжальныя і вычварэнскія метады пакарання для палітвязняў і іншых зняволеных.

Калі я ў чарговы раз знаходзілася ў санчастцы з моцным крывацёкам, Кузняцоў прыйшоў у атрад і пачаў настройваць супраць мяне іншых асуджаных. Перавярнуў усю секцыю (пакой, дзе пражываюць асуджаныя), усе матрацы, тумбачкі, а пасля яшчэ прымусіў зняволеных узяць у рукі ўсе каробкі з капцёркі і з гэтым грузам у руках маршыраваць вакол будынка.

— Привет от Класковской! Она сказала нам, что у вас имеются запрещенные для хранения предметы, — каментаваў ён пры гэтым пакутлівы «шпацыр» вязняў.

У 9-м атрадзе вязні хрысціліся, як бычылі, што Кузняцоў заходзіць у будынак. «Значыцца, зноў будуць здзекі, Божа мой, ну што на гэты раз», — панура апускалі галовы жанчыны.

А на гэты раз бравы аператыўнік вырашыў зладзіць для атрада «пенную вечарыну». Азначала гэта, што палова вязняў дробна крышыла гаспадарчае мыла ў вядро, другая палова — узбівала мыла з вадой у пену ёршыкамі для ўнітаза. А пасля ўвесь атрад «васьмёркамі» мыў у бараку падлогу.

Адна з любімых забаў Кузняцова — прыйсці ў секцыю і скруціць матрацы і пасцельную бялізну «слімаком». Раскруціць такі цюк пасля вельмі складана. Людзі рабілі гэта скрозь слёзы.

Любіць Кузняцоў і выстраіць атрад каля барака і гадзінамі прымушаць вязняў (незалежна ад надвор’я — ці то спёка, ці дождж, ці снег) чытаць услых правілы ўнутранага распарадку.

Палітвязні часта скардзіліся мне, што Кузняцоў не аднойчы пагражаў ім, вымагаў, каб збіралі кампрамат на іншых палітычных і раскручвалі іх на новыя крымінальныя справы. У адваротным выпадку абяцаў згнаіць у ШІЗА і працягнуць тэрмін утрымання за кратамі праз сумнавядомы 411 артыкул.

Якімі словамі можна ахарактарызаваць такога чалавека?

У сваіх бессмяротных творах Салжаніцын ужо даўно даў вызначэнне такім кадрам і вельмі баяўся, што падобныя асобы не панясуць адказнасці за свае ўчынкі і што жахлівая трагедыя зноў паўтарыцца. Няўжо гісторыя насамрэч вучыць толькі таму, што нічому не вучыць?

«Лубянка 5, адкажыце Лубянцы 3», — тым часам даносіцца з рацыі турэмнікаў.

«Здыміце пагоны альбо я іх з вас сарву»

Гэтыя словы палітзняволеная Вікторыя Кульша вымавіла намесніку начальніка калоніі Кавалёву.

Сістэма ёй гэтага не даравала.

Як не даравала і Паліне Шарэнда-Панасюк яе смелую фразу «Да сустрэчы ў музеі карнікаў!».

Турэмнікі не даруюць, калі ты пераходзіш на асобы.

Як і не даруюць цвёрдасці, мужнасці, прынцыповасці, твайго прагнення «не быць скотам».

Не даруюць, таму што як агню такіх моцным духам людзей баяцца.

Я вельмі часта згадваю і Паліну, і Віку. Гэтыя дзяўчыны сапраўдныя пакутніцы. Жорны сістэмы, праз якія іх прапускаюць штодня, крыважэрныя і бяздушныя. Вельмі балюча, але разам з тым адчуваю вялізнае пачуццё гонару за нязломны беларускі вольны дух.

Божа, калі ласка, злітуйся і дапамажы гэтым людзям, усім нашым палітвязням, якія штохвіліну праходзяць у лукашэнкаўскіх катоўнях праз пекла.

«Я стреляю очень хорошо»

— Слушай, Класковская, ну толку вот тебя выпускать — ты же ничего не осознала и все равно рано или поздно где-нибудь всплывешь, — сказаў мне напярэдадні вызвалення начальнік калоніі Талсцянкоў.

— І што ж я, па-вашаму, павінна была асэнсаваць? — удакладняю ў падпалкоўніка.

— Что не надо с государством в азартные игры играть! — гаркнуў Талсцянкоў.

— Дык я ж не гуляю. У мяне ўсё з дзяржавай сур’ёзна, — не змагла стрымаць усмешку.

— Слушай, если после освобождения будешь искать меня, чтоб поквитаться, то не усложняй себе задачу. Сразу можешь спросить мой адрес у Сапеги. Да, но учти: у меня есть пистолет и стреляю я очень хорошо! — вочы падпалкоўніка акругліліся, як шары, і выпраменьвалі нянавісць.

Я сумна ўсміхнулася.

— Тоже небось будешь везде в интернете врать, что мы тут над вами издеваемся, пытаем, да? — Талсцянкоў завёўся настолькі, што ад яго крыку пачалі страсацца сцены. — Хотя, ты знаешь, наоборот, говорите, как здесь плохо, чтобы ваши придурки читали и у них отбивалась охота сюда попадать. Пусть знают, что с ними будет, если поднимут руку на государство.

Мяне адкрыта стаміла гэта таксічная размова, і хацелася як мага хутчэй яе скончыць, вырвацца з душнага кабінета. Не хапала паветра ва ўсіх сэнсах.

— Все, можешь идти, — нарэшце дазволіў начальнік. — Но помни, что время для возбуждения нового уголовного дела еще есть.

Я ішла і думала: што не так з гэтымі людзьмі? Адкуль столькі нянавісці да ўласнага народа? Адкуль столькі крыважэрнасці?

У большасці ж гэтых людзей ёсць сем’і: жонкі, дзеці, бацькі. Увечары гэтыя службоўцы прыходзяць дамоў, здымаюць мундзіры, абдымаюць сваіх жонак, гладзяць па галовах дзяцей. Якое жахлівае пераўвасабленне. І як у адным чалавеку могуць спалучацца такія супрацьлеглыя якасці: пяшчота і прага крыві?

Я прыйшла да высновы, што гэтыя бязлітасныя людзі не любяць нікога і ў прынцыпе не здольныя любіць.

Чалавек, які любіць, — велікадушны. Яго вочы свецяцца. Ён у гармоніі з самім сабой і сусветам, жадае ўсім дабра. Ён ніколі не будзе імкнуцца да самасцвярджэння за кошт прыніжэння іншых. Любоў і каханне — пачуцці высакародныя, яны ўзвышаюць чалавека і робяць яго яшчэ лепшым, ачышчаюць душу. А ў цэрбераў рэжыму душы няма. Таму і не любяць. Таму і ачышчаць няма чаго.

Паводзіны і светапогляд гэтых людзей — гэта паталогія, гэта ненармальна. І я глыбока пераканана ў тым, што кожны, хто запэцкаўся ў рэпрэсіях супраць уласнага народа, абавязкова мусіць адказаць за свае ўчынкі.

Зло павінна быць пакарана. Каб знову не паўтарылася трагедыі, каб не пакутавалі наступныя пакаленні. Пра гэта і прасіў нашчадкаў Салжаніцын.

Працяг будзе

Вольга Класкоўская, novychas.online

Адрасы для падтрымкі палітзняволеных жанчын:

Ірына Аляксандраўна Мельхер, Любоў Аляксандраўна Разановіч — турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 (абедзве ў спісе «тэрарыстаў» — грашовыя пераводы забаронены);

Вікторыя Аляксандраўна Кульша — СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А;

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк — ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць;

Сафія Андрэеўна Сапега — ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 (у спісе «тэрарыстаў» — грашовыя пераводы забаронены).