Прадзюсарская ініцыятыва Inexkult распачынае летні беларускі тэатральны фестываль на варшаўскіх пляцоўках

Сцэна са спектакля Паліны Дабравольскай «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Скрын відэа

Дзесяць спектакляў ад беларускіх тэатральных каманд будуць паказваць у варшаўскіх лакацыях, паведамляе reform.by. Можна выбраць спектакль з афішы, а можна набыць абанемент (за 350 злотых) і бонусам да яго атрымаць запрашальнікі на дзве летнія прэм’еры-неспадзяванкі.

“Спектаклі для меншых і большых гледачоў і глядачак. Спектаклі-сок, спектаклі-жар, спектаклі-навальніца! Вы толькі зірніце на расклад! Квіткі ўжо ў продажы“,паведамляюць у сацсетках Inexkult.

Паказы будуць ісці ад чэрвеня да жніўня.

5 чэрвеня — «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча».

Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь).

Спектакль Паліны Дабравольскай (Chornabrova) паводле п’есы неназванага аўтара носіць назву “Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча”. Гэты міжнародны праект, які аб’яднаў актрыс з Беларусі, Польшчы і Украіны, якія ствараюць жаночы спеў з дапамогай маналогаў з жывой музыкай.

7 акторак і 16 маналогаў, якія аб’ядноўваюць жыццёвы вопыт жанчын ва ўсім свеце. Аб эміграцыі, пошуку бяспечнай прасторы. Пра жанчыну, яе прыроду, жаданне схавацца і быць адкрытым, пра важнасць быць разам.

Спектакль выконваецца на польскай мове ў перакладзе Малгажаты Бухалік.

12, 13 чэрвеня — «Шэпт».

Рэжысёр — Раман Падаляка (Беларусь).

Дзесяць гадоў таму фатограф-дакументаліст Сяргей Лескець задумаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Марай была серыя партрэтаў носьбітак самай закрытай і абароненай традыцыі – лекавання словам. Ад вёскі да вёскі ён шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.

Кніга “Шэпт” выйшла ў 2022 годзе, на яе старонках – унікальныя жыццёвыя споведзі і лекавыя практыкі пераплятаюцца з падарожнымі нататкамі.

Купалаўскі “Шэпт” (Купалаўцы) вырас з супольнага з беларуска-нямецкай асацыяцыяй KuB. Kulturverein Belarus e V праекта “Kuo Vadis?”. Гэта сцэнічнае падарожжа да людзей прасторы міфа, чула пракладзенае рэжысёрам Раманам Падалякам пры ўдзеле аўтара.

“Шэпт” пройдзе і ў іншых гарадах.

  • 7, 15, 16 чэрвеня – Кракаў
  • 9 чэрвеня – Сопат
  • 20 чэрвеня – Вільнюс

Спектакль ідзе на беларускай мове.

13, 14 ліпеня — «Камедыя Юдзіфі».

Рэжысёр — Павел Пасіні (Польшча).

Новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі.

28 ліпеня — «Мама Зоя, Беларусь».

Аксана Гайко (Беларусь), Фiя Адлер Сандблад (Швецыя), Петэр Элмерс (Швецыя) і ансамбль

У аснове спектакля ляжыць рэальная гісторыя мамы рэжысёркі і кіраўніцы тэатра «Крылы Халопа» — Аксаны Гайко. Зоя нарадзілася ў беднасці і страху праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Беларусі, якая стагоддзямі падвяргалася акупацыі і нападам. Праз асобу Зоі даследуюцца перажыванні жанчын у адным з самых дэспатычных грамадстваў Еўропы, імкненне людзей да свабоды, пяшчоты і, магчыма, да новай пары абутку.

29 ліпеня — «Беспрацоўнае дрэва».

Рэжысёрка — Святлана Бень (Беларусь)

Гісторыя дрэва, якое вымушанае пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небяспечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу.

18, 19 жніўня — «Гусі-людзі-лебедзі».

Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў (Беларусь)

Гэта антыўтапічны і фантасмагарычны погляд на будучыню Беларусі на падставе фрагмента рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”.

19 жніўня — «рЭвалюцыя Зайца».

Рэжысёр — Юра Дзівакоў (Беларусь)

«рЭвалюцыя Зайца» — гэта інтэрактыўны тэатральны праект мастачкі, сцэнографкі і педагога Таццяны Дзіваковай, пастаўлены па матывах народнай казкі «Ліса і заяц».

25 жніўня — SarmaTY/JA.

Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь)

SarmaTY/JA – гэта музычная монадрама, якая спалучае народную музыку з хіп-хопам.

Яна распавядае трагічную гісторыю пра немагчымасць укараніцца на чужой зямлі. Гэта гісторыя кахання і смерці. Цёмная, пульсуючая рытмам, пачуццёвая. Спектакль быў заснаваны на паэме “Сарматыя” беларускай паэткі Марыі Мартысевіч, напісанай у 2018 годзе. Яго гераіня змагаецца за выжыванне ў выгнанні ў чужой краіне.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па адрасе: pr@inexkult.com.

Квіткі на ўсе мерапрыемствы можна набыць па спасылцы.

reform.by