Zaručyny: Марыя Алена Банэт і Fantastic Swimmers прэзентуюць супольны аўдыёкалаж

«Фантастычныя плыўцы» дасягнулі мора! Беларуска-польская фармацыя Fantastic Swimmers падрыхтавала новую студыйную працу, асабліва адметную ў насычанай фанаграфіі бэнду. Тэксты беларускае мастачкі Марыі Алены Банэт у аўтарскім чытанні пакладзеныя на гранне акустычнага квінтэту. Свой голас, гарадскія ды прыродныя шумы Марыя зафіксавала ў Гданьску, дзе зараз жыве. Запіс музыкі адбыўся ў Варшаве. Канчатковы мікс атрыманага гукавога палатна ладзіўся ў Беластоку, дзе на дадзены момант знаходзіцца бэндлідар, менчук Віктар Сямашка. 

«Тэкст сфармаваўся з нататак у дзённіку, якія я пакідала цягам свайго знаходжання ў Гданьску. Падчас адное спантаннае паездкі да начнога мора на ровары мае думкі з урыўкавых уражанняў ператварылася ў асэнсаваны досвед. Працуючы адначасова над візуальным праектам „Заручыны з морам“, гэтыя словы адлюстравалі мой унутраны напрамак апошніх гадоў», — тлумачыць Марыя.

У запісе альбома паўдзельнічалі варшаўскія імправізатары Пётр Мэлэх (бас- клярнэт), Мартына Ліліяна Кабульская (скрыпка, вакал), Пётр Дамброўскі (пэркусія) і Ян Малкоўскі (альтовы саксафон). У арганізацыі музыкі Віктар Сямашка ўжыў адвольную і рэгуляваную імправізацыю з выкарыстаннем графічных партытур, а сам сыграў на флейце.

«Альбом уключае не толькі рысы беларускага, польскага, часткова літвацкага меласу, але і атмасферную спецыфіку Гданьска, дзе я таксама бываў, увогуле Балтыкі, Паўночнай Еўропы… Інструментальныя партыі, словы ды шумы спалучыліся накшталт пазлаў. Прытым, музыка выконвае не столькі функцыю прамое ілюстрацыі да тэксту Марыі, колькі з`яўляецца рэакцыяй на пачутае, дае разгорнуты каментар на тэму альбо працягвае думку далей. Зрэшты гэтак жа і словы па-свойму расшыфроўваюць музыку, дадаючы ёй іншае вымярэнне», — дзеліцца сваімі ўражаннямі Віктар.

Аўдыёрэліз анансуе новую выставу Марыі Алены Банэт «Заручыны з морам». Прэзентацыя праекту адбудзецца ў Кракаве ў межах фестывалю «Культура ў эміграцыі» («Kultura na uchodźstwie»): 3 чэрвеня, 16-00, Willa Decjusza. А паслухаць альбом магчыма ўжо зараз тут, у дадатак пачытаць тэксты ды бясплатна спампаваць тут.

budzma.org