«Музыка, якая жыве зараз»: у варшаўскім касцёле прайшоў канцэрт беларускіх музыкаў

21 траўня ў касцёле св. Аляксандра сабраліся сотні людзей. Калі ўсе месцы ў храме былі занятыя, яны садзіліся на падлогу, стаялі на вуліцы ля расчыненых дзвярэй і натхнёна, засяроджана, захоплена слухалі Вольгу Падгайскую і Ягора Забелава.

Кампазітарка Вольга Падгайская ўпершыню выконвала свае новыя творы для аргана. Некаторыя былі напісаныя падчас рэзідэнцыі ў Германіі, некаторыя – яшчэ да эміграцыі, у Мінску. Там, два гады таму, яна і іграла апошні раз на аргане:

«Калі я першы раз падышла да інструмента, як нейкі трыгер спрацаваў. Я не магла дакрануцца да аргана. Гэта тое, што табе быццам забаранілі, а цяпер дазволілі».

«Сэрца калацілася так, што не мог яго супакоіць», – скажа пасля канцэрта і Ягор Забелаў. У Варшаву ён прыехаў з Гданьску, дзе жыве і працуе апошнія пару гадоў. Расхвалявала і сустрэча з сябрамі, і акустычны фармат выступу (што здараецца нячаста), і касцельная пляцоўка. 

«Ты можаш адчуць гісторыю гэтага месца, энергетыку. Гэта ўсё даволі моцна – назіраць за сваімі ўражаннямі, за сабой». 

Разам з Вольгай ён стварыў сапраўдны музычны спектакль, у якім нітаваліся гукі іх інструментаў. І хоць творы гэтыя былі напісаныя ў розныя часы і рознымі людзьмі, было адчуванне, што гучыць адна вялікая партытура. «Ну вось так супала», – скажуць потым выканаўцы.

Ягор Забелаў і Вольга Падгайскай выступалі ў межах праекта «Канцэрты беларускіх музыкаў». Сэнс у тым, што раз на месяц беларускія выканаўцы і кампазітары, якія цяпер жывуць і працуюць за мяжой, могуць выступіць у Варшаве з вялікай праграмай.  Што адметна, часцей за ўсё на гэтых канцэртах гучыць сучасная беларуская музыка.

– Вельмі часта гэта музыка актуальная, якая жыве зараз. Для мяне важна, каб гралі людзі, якія самі пішуць, – падкрэслівае мастацкі кіраўнік праекта Віталь Эпаў і запрашае на чарговы канцэрт, які адбудзецца 25 чэрвеня. З арганізацыяй выступленняў беларускім творцам дапамагае ксёндз Вячаслаў Барок.

radiounet.fm