Капітан яхты Аляксей Матусевіч: «Яхтавыя адпачынкі набіраюць небывалую папулярнасць»

Крыніца: facebook.com/alexey.matusevich.1

З хіміка – у сапраўдныя капітаны. Такі незвычайны шлях прайшоў беларус Аляксей Матусевіч. Наш суайчыннік не пабаяўся кардынальна змяніць жыццё і прафесію ў 40 гадоў і цяпер скарае мора і ладзіць яхтавыя падарожжы.

Пра змену прафесіі, яхты, мора і вандроўкі, у эфіры радыё Ўнэт распавёў Аляксей Матусевіч.

Сцісла ў размове:

  • Капітанам я стаў выпадкова. Жыў у Мінску і нават не марыў ні пра мора, ні пра яхты. Любіў хімію, працаваў у Акадэміі навук. А пасля пераехаў у Польшчу і ўжо тут разам з сябрам аднойчы выйшаў у мора на яхце. І зразумеў, што гэта маё. Адвучыўся, здаў на правы і ўжо 5 гадоў прафесійна кірую яхтай.
  • Навучыцца кіраваць яхтай можна за два тыдні. Але самае важнае ў гэтай справе – практыка. Я ездзіў на вучобу ў Гдыню, але па ўсёй Польшчы хапае «яхташкол».
  • За пяць гадоў я прайшоў усё Міжземнае мора, Турцыю, Харватыю, Італію, Іспанію, Канарскія астравы. Бачыў шмат прыгожых месцаў, але мая любоў – Грэцыя.
  • Я зарабляю на тым, што ладжу яхтавыя паходы. Падарожнікам-пачаткоўцам прапаную лёгкія маршруты, напрыклад, на Сараніцкія астравы, а з дасведчаных важу на Кіклады.
  • Яхтавыя адпачынкі набіраюць небывалую папулярнасць. Штогод колькасць ахвочых падарожнічаць па моры толькі расце. У асноўным гэта людзі ад 30 да 50 гадоў. Сярэдні кошт такога тыднёвага падарожжа 550 еўра.

radiounet.fm