Кракаў — другая сталіца Польшчы, горад даўніх традыцый і легенд. Геаграфічна знаходзіцца значна бліжэй да Украіны (244 км), чым да Беларусі (478 км). Аднак пасля 2020 года колькасць беларусаў, што пераехалі сюды на часовае ці сталае пражыванне, значна вырасла. У горадзе дзейнічае фундацыя па падтрымцы беларусаў, штодзень адбываюцца беларускія мерапрыемствы і нават ёсць сваё беларускае выдавецтва. Дзе канкрэтна ды якім чынам іх шукаць? Распавядаем у нашым гайдзе.

Фота са старонкі ў Фэйсбуку bialorusini.krakow

Кракаў анлайн

Кракаўская суполка беларусаў даволі цэнтралізаваная. Усе сацыяльна-культурныя ініцыятывы можна паглядзець ў фэйсбуку на старонцы bialorusini.krakow, у інстаграме Беларусы ў Кракаве/ Białorusini w Krakowie і тэлеграме Białorusini.Krakow.

Тэлеграм Belarus_Krakow_chat і фэйсбук дадаткова пакажуць іншую суполку з такой жа назвай, але з накіраванасцю нэтворкінгу. Там беларусы дзеляцца інфармацыяй наконт інфраструктуры Кракава.

Беларускія падзеі ў Кракаве спрабуе асвятляць малады ютуб-канал «HUTARKI».

Фундацыя і дапамога

Суполка Беларусы ў Кракаве/ Białorusini w Krakowie таксама займаецца дапамогай беларускім эмігрантам у Кракаве і Польшчы: пошукам і аплатай жытла, пакупкай прадуктаў харчавання, пытаннямі наконт дакументаў, уладкавання дзяцей у школы, пошукам працы.

Таксама паўстаў бескаштоўны курс навучання польскай мовы.

Адначасова арганізаваны збор сродкаў і харытатыўны аўкцыён, дзе можна дапамагчы, набываючы нейкую рэч.

Ад мая 2021 года супольнасць набыла юрыдычны статус і з’яўляецца Фундацыяй ім. Эмерыка Гутэн-Чапскага. Сачыць за абвесткамі можна на сайце супольнасці Белорусы в Кракове/ Białorusini w Krakowie.

Мерапрыемствы

Акцыі салідарнасці, мітынгі і іншыя грамадска-палітычныя падзеі ладзіць суполка Беларусы Кракава/ Białorusini Krakowa. Месцы сустрэчаў заўсёды пазначаюцца ў анонсах у інстаграме, тэлеграме ды фэйсбуку. Амаль штовечар у ваколіцах Галоўнага Рынка адбываюцца сумесныя беларуска-ўкраінскія акцыі пратэстаў.

Канцэрт Валерыі Дэле

Кракаўская, 19

Гэта Мекка беларускіх культурных мерапрыемстваў Кракава. Тут адбываюцца: дзіцячы тэатр, гістарычны клуб, беларускія традыцыйныя танцы, кінасеансы ды іншыя шматлікія ініцыятывы, якія можа, дарэчы, прапанаваць кожны жадаючы. Абвесткі анасуюцца ў згаданых вышэй інстаграме ды фэйсбуку Беларусы ў Кракаве/ Białorusini w Krakowie, таксама ў тэлеграме Białorusini.Krakow ды тэлеграме Беларускія вячоркі ІІ Кракаў.

Osiedle Centrum C 9

Гэта прастора для сустрэч традыцыйных беларускіх спеваў кракаўскага этнагурта KRAKOW_ETHNO_BY пад кіраўніцтвам Насты Хмель. Можна свабодна далучацца і паспрабаваць сябе ў спевах. За абвесткамі сачыце ў інстаграме.

Chicago Live Music. Słąwkowska, 11

Гэта бар з моцным беларускім акцэнтам, таму што менавіта там ладзяцца суперкрутыя беларускія канцэрты і стэндапы.

Абвесткі пра беларускія канцэрты анансуюцца ў інстаграме ды фэйсбуку Беларусы ў Кракаве/ Białorusini w Krakowie, таксама ў тэлеграме Białorusini.Krakow.

Stakkato Art Space. Ślusarska, 9a

Мадэрновая арт-прастора спалучае ў сабе розныя напрамкі творчасці не толькі беларусаў. Туды можна завітаць на нестандартныя івэнты, проста прыемна правесці час, а да таго ж пазнаёміцца з творчымі людзьмі Кракава.

За абвесткамі можна сачыць на старонцы арт-прасторы ў фэйсбуку.

Willa Decjusza

У чароўным парку знаходзіцца віла, пабудаваная ў найлепшых традыцыях італьянскага Адраджэння.

Willa Decjusza

Willa Decjusza аб’ядноўвае беларусаў падчас культурных ды мастацкіх мерапрыемстваў накшталт трохмоўнай ночы паэзіі, арганізаванай у межах літаратурнага фестывалю «Прадмова», альбо серыі праектаў цыклу «Культура ў эміграцыі».

За абвесткамі можна сачыць на сайце Вілы ды ў тэлеграм-суполках беларусаў Кракава.

Кніжны Кірмаш у межах праекта «Культура ў Эміграцыі»

Park Jordana

Хаця гэта агульнагарадская прастора, але, пэўна, у хуткім часе набярэ моцных беларускіх акцэнтаў.

Як інакш, калі найбуйнейшае мерапрыемства Кракава — «Беларускі пікнік» — ужо другі год запар будзе ладзіцца менавіта тут.

Сёлетні «Беларускі пікнік» запланаваны на 29 ліпеня. Абяцаюць сцэну з музыкамі, спартыўную пляцоўку з конкурсамі, дзіцячую зону з гульнямі і заняткамі, DJ-пляцоўку, мастацкія майстар-класы, фудкорт, кірмаш з беларускімі майстрамі ды іншыя ціквыя актыўнасці.

Беларускае выдавецтва

З нядаўнаяга часу ў Кракаве нават ёсць сваё беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher (ulica Łobzowska, 15-15, 4 паверх). Яно ўжо выпусціла пазл «Бiтва пад Воршай 1514», навуковае выданне «Беларускі народны соннік» і настолку «Я ніколі не… Зразумеюць толькі беларусы».

Настолка «Я ніколі не… Зразумеюць толькі беларусы». Фота прадастаўлена выдавецтвам

Выдавецтва мае прыгожы пакой, у якім праводзіць прэзентацыі кніг, лекцыі, вечарыны, прысвечаныя беларускай гісторыі, культуры і літаратуры.

Прагулкі па Кракаве

Калі вам захочацца пашпацыраваць па беларускіх слядах у Кракаве, скласці маршрут дапаможа інстаграм-праект Bielaruski Krakau.

Запісацца на экскурсію, каб пабачыць іншы твар Кракава ў прыязнай атмасферы, можна ў інстаграме Krakow Walks.

Глядзіце яшчэ:

Гайд па Варшаве

Гайд па Беластоку

Сяргей Тупальскі, budzma.org