На грамадзянскім саміце медыя і актывізму Unlock у Празе адбылася прэм’ера новага праекта ЧынЧынЧанэл

Міхаіл Зуй і Дзмітрый Ясяневіч у вобразах Сяргей Мікалевіча і Мікалая Сяргеевіча. Фота: фейсбук Марыі Савушкінай

26 траўня на грамадзянскім саміце актывізму, медыя і тэхналогій Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Unlock у Празе быў прадстаўлены новы фільм праекта “ЧынЧынЧанэл” – “ЧынЧыны праляцелі зязюляй”, паведамляе reform.by. Пра прэм’еру “кароткаметражнага містычнага дэтэктыву” на фестывалі, які ладзіць Пражскі цэнтр грамадзянскай супольнасці, паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетках прадзюсарка новай карціны Марыя Савушкіна.

“[Адбыліся] два паказы [стужкі], у памяшканні і на вуліцы. Першымі гледачамі [фільма] сталі больш за 200 чалавек з 10 краінаў. Я асабіста перажыла неверагодныя эмоцыі. Мы працавалі над фільмам амаль год. Здымкі адбыліся ў чэрвені 2022, у замку Бролін, на поўначы Германіі, дзе я жыла паўгады пасля пачатку вайны”, – распавяла беларуская медыяэкспертка.

Анатацыя да кіно гучыць так:

“Па сюжэце, які не саступае па інтрызе замежным аналагам, ганаровыя сябры ЧынЧынЧанэл Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню №1, каб наведаць таямнічую пацыентку – Алену Жалудок. І нішто не прадказвае нічога нечаканага, аднак далейшыя падзеі прымусяць здзіўлена ўскінуць брыво нават спрактыкаванага кінамана”.

Падчас прэм’еры на саміце Unlock у Чэхіі. Фота: фейсбук Марыі Савушкінай

У фільме здымаліся: Міхаіл Зуй, Дзмітрый Ясяневіч, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Андрэй Каралевіч, Марыя Савушкіна, Андрэй Кашперскі.

Рэжысёр і аператар карціны – Андрэй Кашперскі. Аўтары сцэнарыя – Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй. Прадзюсары – Марыя Савушкіна і Андрэй Каралевіч.

Паводле Марыі Савушкінай, фільм у хуткім часе мусіць быць выкладзены ў сеціва.

ЧынЧынЧанэл – гэта праект вострай сатыры і пародыі ад акцёраў незалежнай тэатральнай групы “Купалаўцы” Міхаіла Зуя і Дзмітрыя Ясяневіча сумесна з беларускім рэжысёрам Андрэем Кашперскім. Праект вядомы выпускам сатырычных ролікаў на Ютуб-канале; праектам інтэрв’ю з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры “ЧынЧыны на дыван”, навагоднім мюзіклам “ЧынЧыны ў краіне цудаў”.

reform.by