Беларускі хор Concordiа выступіў на традыцыйным фестывале царкоўнай музыкі ў Беластоку

Аматарскі камерны хор Concordiа пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, які часткова складаецца з вымушана з’ехаўшых з Беларусі спевакоў, выступіў з канцэртам на 42-ім Міжнародным фестывале царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023», які завяршыўся ў Беластоку. Прадставіўшы больш за паўтары дзясяткі музычных твораў, хор сарваў авацыі публікі выкананнем гімна «Магутны Божа». Аднак выдатныя выканаўцы сёння маюць мноства праблем, перш за ўсё фінансавых, піша «Радыё Ўнэт».

На леташнім фестывале царкоўнай музыкі на Падляшшы хор Concordiа заняў першае месца сярод іншых падобных калектываў. Сёлета яго канцэрт «Магутны Божа». Пяючая душа Беларусі» праходзіў па-за конкурсам. Так вырашылі сябры аматарскага харавога калектыву.

Паводле кіраўніцы Галіны Казіміроўскай, іх можна лічыць амбасадарамі беларускай культуры ў замежжы. Заснаваны ў 2007 годзе хор у 2020 годзе падтрымаў жаданне беларусаў жыць у вольнай краіне і потым з-за палітычнага пераследу быў вымушаны часова згарнуць сваю дзейнасць, але ўжо два гады як аднавіў яе ў Варшаве. Пры гэтым частка людзей застаюцца жыць у Беларусі, прыязджаючы выступаць у замежжа. Асноўны склад калектыву знаходзіцца ў польскай сталіцы, і да яго далучаюцца новыя людзі, прычым не толькі беларусы.

«Наша канцэртная дзейнасць не актыўная. Яна фізічна не можа быць актыўная. Таму што кожная новая праграма патрабуе падрыхтоўкі, гэта не бывае хутка, гэта некалькі месяцаў падрыхтоўкі, калі гэта зусім новая праграма. З той праграма, якую мы ведаем, мы часта выступаем у Варшаве, ды і не толькі ў Варшаве. Зараз беларусы арганізавалі такія нядзельныя канцэрты ў касцёле Трох крыжоў, і такім чынам мы працягваем традыцыю, калі, як у Беларусі ў касцёле Святога Роха, там мы час ад часу спяваем. Я нават не ведаю, як будзем далей, бо мне ўсё складаней усё гэта ўтрымліваць. Палова тых людзей, якія тут спяваюць гэта прафесійныя музыкі, якія не могуць сябе знайсці ў прафесійным свеце і вымушаны працаваць на будоўлях і гэтак далей. Я ўсё чакаю нейкага цуду, калі нейкая канцэртная адзінка, ці нейкая філармонія, ці штосьці такое з’явіцца, каб было магчымым такую выспу беларускай музыкі захаваць. І тады, канешне, можна будзе весці і актыўную канцэртную дзейнасць», – распавяла Галіна Казіміроўская.

За апошні год калектыў прыняў удзел у «Бетховен-фэсце», іншых канцэртах, зараз рыхтуецца да харавога фестывалю «Легніца кантат», а таксама да конкурсу харавой музыкі ў Іспаніі. Разам з тым, па сцверджанні спадарыні Казіміроўскай, галоўным для Concordiа з’яўляецца не перамогі на конкурсах, а прапагандаванне беларускай культуры.

«Няма нейкіх такіх амбіцый выйграваць конкурсы. У мяне іншая задача – прамаванне і распаўсюд нашай культуры. У нас столькі прыгожай музыкі, якую хацелася б данесці да людзей! Беларуская харавая культура гэта не толькі музыка, а ўвогуле наша асаблівае выканальніцтва. Тут, у Польшчы, мы можам прыўнесці нешта сваё, сваю беларускую душу. І ў гэтым таксама ёсць наша культура. Ну і ўдзел у такіх мерапрыемствах для нас вельмі ганаровы, а калі падумаць, што беларускія калектывы зараз увогуле пазбаўлены такой магчымасці, то калі не мы, то хто?» – кажа спадарыня Казіміроўская.

На канцэрце ў Беластоку публіка прымусіла хор Concordiа выканаць на адну песню больш, чым было прадугледжана праграмай. Гэта адбылося пасля спявання калектывам гімна «Магутны Божа».

Падрабязней слухайце ў пллэеры ніжэй.

radiounet.fm