Фільм «II» рэжысёркі Улады Сяньковай папоўніў медыятэку анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK.
Чаму фільм «II» варты вашай увагі
«II» — сучасная ігравая драма пра беларускіх падлеткаў, якая ўздымае пытанні, якія папраўдзе тычацца многіх людзей. Сярод гэтых тэм — булінг у школе, дыскрымінацыя ЛГБТ+, сэкс і недахоп сэксуальнай адукацыі. Ёсць і яшчэ адна важная тэма, якая асвятляецца ў фільме, аднак не будзем апярэджваць і пазбаўляць вас магчымасці ўбачыць усё самім.
«Для мяне гэта праект аб недахопе сэксуальнай адукацыі ў маёй і суседніх краінах. Аб недахопе адукацыі, перш за ўсё, у дарослых, ад якіх ідзе ўся агрэсія і невуцтва», — дзялілася думкамі рэжысёрка Улада Сянькова пасля прэм’еры фільма ў 2019 годзе.
Стужка «II» створаная ўжо неіснуючым «АРТ Карпарэйшн» сумесна з ЮНЕСКА. Усё кіно знялі ў крытычна сціснутыя тэрміны праз невялікі бюджэт — за шэсць дзён. Аднак гэта ніяк не паўплывала на яго якасць. Фільм ацанілі на Варшаўскім кінафестывалі ўзнагародай «Асаблівая згадка журы» ў конкурснай секцыі «Свабодны дух». А ў 2022 годзе першую незалежную прэмію Беларускай кінапрэсы «Чырвоны верас» прысудзілі кінастужцы Улады Сяньковай «II» у катэгорыі «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм».
З цікавостак
У эпізадычных ролях у фільме з’яўляюцца былы фронтмен Купалаўскага тэатра Раман Падаляка і кінааналітык і праграмны дырэктар Беларускага конкурсу кінафэсту «Паўночнае ззянне» Ігар Сукманаў. Меламанаў парадуюць знаёмыя трэкі, бо на школьнай дыскатэцы ў фільме грае «Я бунтар» Бакея, трэкі Alyona Alyona і ЛСП.
Калі вы ўсё яшчэ не да канца разумееце, што вам чакаць ад прагляду, то словы самой рэжысёркі пра свой фільм унясуць канчатковую яснасць: «Калі б я была кінакрытыкам, то напісала б, што гэта драйвовая гісторыя для людзей рознага ўзросту — ад 16 гадоў». Рэжысёрка па досведзе ведае, што яе кіно выклікае розныя эмоцыі: «Глядач і пасмяецца, і паплача, і ў канцы прагляду будзе акрылены і ў роздумах».Прагляд фільма «II» гледачы з замежжа могуць набыць за 5$. Доступ да фільма захоўваецца 30 дзён з моманту першага прагляду, пры гэтым глядзець яго можна любую колькасць разоў. А для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, прагляд даступны бясплатна, як і ўвесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.
паводле прэс-рэлізу