„Ноч музеяў” у Гайнаўцы і Саколцы

12 траўня Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы шосты ўжо раз падрыхтаваў спецыяльную праграму, прымеркаваную да „Ночы музеяў”.

Адбылося закрыццё выставы жывапісу Андрэя Пятровіча – манаха Іллі. Яго брат Марыюш распавёў пра вёску Рудакі ў Крынскай гміне, дзе жыў мастак, калі з-за хваробы вымушаны быў пакінуць манастыр ва Уйковіцах (нечакана пакончыў жыццё самагубствам на мосце ў Торуні ў мінулым годзе ў верасні). Пятровічы родам з Гайнаўкі, адкуль пераехалі ў Беласток. Брат манаха падчас „Ночы музеяў” праспяваў таксама пад гітару некалькі песень, у тым ліку на словы Віктара Шведа.

У той вечар наведвальнікі гайнаўскага музея маглі пазнаёміцца з этнаграфічнымі экспанатамі ды паглядзець некалькі пастаянных і часовых мастацкіх выставаў. Спецыяльнымі гасцьмі былі Дарафей Фіёнік з калектывам „Жэмэрва” з Музея малой айчыны ў падбельскіх Студзіводах (на здымку).

Тыдзень пазней, 19 траўня, у рамках „Ночы музеяў” у Саколцы сваю кніжку „Бацькаўшчына колеру зямлі” прэзентавала Уршуля Шубзда, якая родам з Сакольшчыны. Напісала яе з выкарыстаннем тутэйшай простай мовы.

czasopis.pl