Валянціна Гарцуева пра дэбют на польскай сцэне і прэм’еры Купалаўцаў на Inex-фэсце

Гэтым летам незалежныя Купалаўцы пакажуць адразу некалькі прэм’ер. Пройдуць яны ў межах фестывалю INEX FEST. Ужо 12 і 13 чэрвеня ў Варшаве можна будзе паглядзець «Шэпт» Рамана Падалякі. У ліпені незалежная тэатральная трупа пакажа «Юдзіф» у пастаноўцы Паўла Пасіні. Ёсць у прэм’ерных планах і спектакль рэжысуры Аляксандра Гарцуева.

Абмеркаваць гэтыя падзеі «Радыё Ўнэт» запрасіла актрысу Валянціну Гарцуеву. Прыма незалежнай тэатральнай трупы распавяла і пра летнія прэм’еры, і пра падзеі свайго творчага ды асабістага жыцця. 

– Валянціна, нядаўна вы дэбютавалі на польскай сцэне ў сцэнічным чытанні п’есы. Якія ўражанні?

– Сабе сказала так: «Баішся? Значыць, трэба гэта зрабіць». Мяне запрасіў рэжысёр Ежы Махоўскі, гэта была п’еса «Легіён» Выспянскага. Першая праблема з’явілася, калі я не знайшла пераклад ні на беларускую, ні на рускую мову. Некалькі размоў прачытала тэкст па-польску, сто тысяч разоў прачытала свае ролі. Усё адбывалася на сцэне Тэатральнага інстытута. У п’есе ўсе акцёры былі польскамоўныя. Але гэта быў вельмі добры досвед. Я ніколі не ставіла сабе мэту стаць часткай калектыву польскага тэатра, але зразумела, што я б напэўна змагла. Не ўсё так цяжка і складана.

– Неўзабаве ў Польшчы распачнецца фестываль Inex fest. З вашым удзелам убачым два спектаклі. Адзін з іх – «Юдзіф» у пастаноўцы Паўла Пасіні. Што гэта за матэрыял?

– Гэта п’еса Сяргея Кавалёва. Мне вельмі падабаецца, якія сэнсы ў ёй шукае Павал Пасіні. Ён засяродзіўся на тым, што ж было далей з Юдзіф. Што было пасля яе ўчынку, калі яна выратавала свой народ і адсекла галаву галоўнаму ворагу свайго народа? Як яна жыла пасля? Чаму ў самоце? Што яна адчувала? Галоўную ролю ў спектаклі сыграе Зоя Белахвосцік, а пра сваю пакуль не скажу, бо не хачу раскрываць усе сакрэты.

– Будзе на фэсце яшчэ адна прэм’ера – рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Але які гэта будзе спектакль, што за п’еса?

– Гэта загадка, сачыце за сацсеткамі Купалаўцаў.

– За той час, што вы з Купалаўцамі працуеце ў замежжы, які выхад на сцэну застаўся ў памяці?

– Канешне, гэта прэм’еры ў тэатры імя Юльюша Астэрвы ў Любліне, калі мы паказвалі «Гусі-людзі-лебедзі». Будынак тэатра – гэта проста брат-блізнец Купалаўскага. Гэта было так падобна, асабліва калі мы стаялі на сцэне… Адначасова і прыгожа, і балюча ад гэтага падабенства. Вельмі запомнілася.

– У вас ніколі не было такой думкі, што тэатра ў жыцці можа і не быць? Што можна займацца чымсьці іншым?

– Я б калі нешта яшчэ ўмела і магла прыдумаць для сябе больш цікавае за тэатр, я б гэта зрабіла. Але пакуль магу, пакуль хачу, я буду ў тэатры. Канешне, калі прымусіць жыццё, буду займацца і іншай працай. Але каб па любові – гэта тэатр. Тэатр Купалаўскі.

– Валянціна, калі ёсць перапынкі паміж спектаклямі, чым вы займаецеся?

– Еду ў Германію да мужа. Мы так зараз нячаста бачымся, і гэта сапраўды праблема. У яго там здымкі, спектаклі. Я там сябе пакуль не знаходжу. Але гэта не значыць, што мы так будзем жыць заўсёды, мы шукаем выйсце. Нядаўна ён прыязджаў да мяне. Зараз я паеду. Без гэтых сустрэч нічога б ужо не было. Але пакуль атрымліваецца бачыцца не часцей, чым раз на два месяцы.

– Што ратуе ў складаныя хвіліны жыцця?

– Мама звычайна кажа : «Ай, усё будзе нармальна, вось паглядзіш». І з часам я сапраўды бачу – і гэта мы вырашылі, і з гэтым справіліся. Не трэба засяроджвацца на бядзе, негатыве. І вельмі дапамагае праца. Калі нешта робіш, няма часу думаць пра дрэннае.

Поўную размову з Валянцінай Гарцуевай слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm