Дэмакратычная лідарка Беларусі знаходзіцца з візітам у Фінляндыі. 13 снежня яна сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Саннай Марын, прачытала лекцыю ў Фінскім інстытуце міжнародных адносін (FIIA) і правяла брыфінг для дыпламатаў.
З прэм’ер-міністаркай Фінляндыі Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з палітвязнямі і ўмовы ў турмах, а таксама тое, якім чынам міжнародная супольнасць можа дамагчыся іх вызвалення. Беларуская лідарка папрасіла падтрымаць рэпрэсаваных — многія пачынаюць выходзіць з турмаў, і ім патрэбна рэабілітацыя, паведамляе яе прэс-служба.
Пасля мінулага візіту Фінляндыя выдзеліла дапамогу беларускім праваабаронцам і студэнтам. Ціханоўская падзякавала прэм’ерцы і папрасіла аказваць дапамогу грамадзянскай супольнасці.
Таксама абмеркавалі ролю рэжыму ў вайне. Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі нясе поўную адказнасць за тое, што ўцягвае ў вайну ўсю краіну, і заклікала Фінляндыю выступаць у падтрымку беларускага суверэнітэту і патрабаваць вываду расійскіх войскаў не толькі з Украіны, але і з Беларусі. Ціханоўская сказала, што для дэмакратычных сіл у прыярытэце не дапусціць гэтага. Яна папрасіла не закрываць дзверы для беларусаў, якія шукаюць бяспечны прытулак у краінах Еўрасаюзу.
Таксама беларуская лідарка папрасіла разгледзець магчымасць перайменавання Беларусі ў Фінляндыі: цяпер у фінскай мове Беларусь называюць «Белай Расіяй» (калі ў перакладзе). Перайменаванне, на яе думку, акрамя ўсяго іншага, было б правільным сігналам беларускаму народу.
Пасля Ціханоўская выступіла ў Фінскім інстытуце міжнародных адносін (удзел у сустрэчы ўзялі каля 100 экспертаў, афлайн і анлайн) і выступіла перад пасламі 17 краін, акрэдытаваных у Фінляндыі.