Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем Калеснікаву ўтрымліваюць у адзіночнай камеры і не аказваюць ёй належнай медыцынскай дапамогі. Ёй таксама не дазваляюць атрымліваць перадачы з неабходнымі прадуктамі і медыкаментамі.
24 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі ад улад Беларусі неадкладна спыніць практыку жорсткага абыходжання з Марыяй Калеснікавай і ўсімі іншымі палітычнымі зняволенымі.
Як гаворыцца ў заяве, падпісанай, сярод іншых, такімі ўплывовымі арганізацыямі, як Amnesty International, ARTICLE 19, Freedom House, Human Rights Watch, Міжнароднай федэрацый за правы чалавека, PEN America, Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў, у Калеснікавай ужо амаль чатыры месяцы не было ніякіх кантактаў ні з сям’ёй, ні з адвакатам.
«Вартыя даверу паведамленні пра тое, што ў калоніі яна падвяргаецца жорсткаму абыходжанню, а стан яе здароўя пагоршыўся, выклікаюць глыбокую заклапочанасць», — адзначаюць праваабаронцы.
Яны нагадваюць, што Марыя Калеснікава стала адным з сімвалаў мірнага пратэснага руху за правы чалавека ў Беларусі. Яна знаходзіцца ў зняволенні з верасня 2020 года, пасля няўдалай спробы ўлад сілай выправадзіць яе з краіны ў адплату за яе палітычную актыўнасць і ўдзел у Каардынацыйнай радзе апазіцыі.
Паводле надуманых абвінавачванняў у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім», «змове з мэтай захопу ўлады», «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» яе прысудзілі 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі. Калеснікава адбывае пакаранне ў жаночай папраўчай калоніі №4 у Гомелі.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што ўначы 28 лістапада 2022 года Калеснікаву шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ёй зрабілі аперацыю ў сувязі з прабадзеннем язвы. Непасрэдна перад шпіталізацыяй Калеснікава, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, больш за 10 дзён утрымлівалася ў штрафным ізалятары — адзіночнай неацяпляльнай камеры. Там было немагчыма спаць з-за холаду, яна ўвесь час хадзіла, каб сагрэцца.
«Хоць падчас знаходжання ў адзіночнай камеры Калеснікава неаднаразова губляла прытомнасць і пакутавала на гіпертанію і прыступы млоснасці, улады адмаўляліся пераводзіць яе ў бальніцу да таго часу, пакуль яе стан не стаў крытычным», — адзначаюць праваабаронцы.
Таксама ў заяве адзначаецца, што адміністрацыя папраўчай калоніі не паведаміла пра тое, што Калеснікава была шпіталізавана і перанесла аперацыю, ні яе адвакату, ні яе сям’і. А 10 студзеня адміністрацыя калоніі прымусіла Калеснікаву вярнуцца да працы на швейнай вытворчасці.
«З сярэдзіны лютага Калеснікавай адмаўляюць у любых кантактах з сям’ёй, уключаючы званкі, лісты і спатканні. Адвакат, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, з 7 лютага не можа атрымаць да яе доступу… У траўні праваабарончым арганізацыям стала вядома, што Калеснікава не аднавілася пасля аперацыі і яе стан у турме значна пагоршыўся. Паводле вартых даверу паведамленняў, яна была не ў сілах выконваць абавязковую працу ў калоніі і некалькі разоў губляла прытомнасць», — гаворыцца ў заяве.
Улады Беларусі павінны даць інфармацыю аб стане здароўя Калеснікавай, тэрмінова забяспечыць ёй доступ да лекараў па яе выбары, вярнуць ёй сувязь з сям’ёй і забяспечыць доступ да адваката, заявілі праваабарончыя групы. Неабходна спыніць палітычна матываваны крымінальны пераслед і вызваліць усіх тых, хто пазбаўлены волі выключна за рэалізацыю сваіх асноўных свабод.
«Ізаляцыя палітвязняў і жорсткае абыходжанне з імі — шырока распаўсюджаная рэпрэсіўная тактыка ў Беларусі. У апошнія месяцы ўлады перашкаджалі зносінам з адвакатамі і сваякамі і іншым вядомым палітычным зняволеным, уключаючы Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка», — канстатавалі праваабаронцы.