Падляшскае ваяводства Польшчы, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць, багата на мясціны, звязаныя з гісторыяй і культурай беларусаў. «Радыё Ўнэт» звярнулася па парады да мясцовых жыхароў. Прапановы на любы густ: ад Белавежскай пушчы да рэлігійных святынь.
Цяжка знайсці ў Польшчы дарослага чалавека, які хаця б раз у жыцці не паглядзеў фільм «Знахар». І гэта культавая мастацкая стужка вядома далёка за межамі польскай краіны. Але далёка не кожны ведае, што здымкі фільма адбываліся ў Бельску-Падляшскім – горадзе, які знаходзіцца ў 50 кіламетрах на поўдзень ад Беластока і ад якога зусім недалёка да мяжы з Беларуссю. Дарэчы, забудова, паказаная ў фільме, захавалася ў Бельску дагэтуль. У ім жа самім і наваколлях ёсць на што паглядзець беларусам, адчуць беларускі дух, паслухаць тамтэйшую гаворку беларускай мовы. Паводле гісторыка, этнографа, заснавальніка прыватнага Музею малой айчыны ў Студзіводах, што ў самім Бельску, дзеяча беларускай культуры на Падляшшы Дарафея Фіёніка, гэты горад быў самым вялікім у часы сярэднявечча на захадзе Вялікага княства Літоўскага. А ўласна Студзіводы, паводле яго, для ўсіх беларусаў вельмі важныя з пункту гледжання пазнавання гісторыі, культуры, этнаграфіі, археалогіі роднай зямлі.
«Гістарычных помнікаў у Бельску захавалася няшмат, апрача праваслаўных цэркваў чатырох з ХVIII-XIX стагоддзяў, але маем гарадзішча з ХІ стагоддзя і ратушу Мураваную таксама з ХVIII стагоддзя. А Студзіводы былі заснаваны ў пачатку XVI стагоддзя як прыватны маёнтак роду мяшчанскага Сегяневічаў. Яны былі такім цэнтрам, гаворачы па-сучаснаму, лагістычным для гэтага роду. Дзякуючы Сегяневічам са Студзівод і Бельска, быў заснаваны Супраскі манастыр у Блудаўскай пушчы, які да сёння з’яўляецца цэнтрам духоўнасці праваслаўнай на Падляшшы. Сёлета якраз тысячагоддзе адзначаем з часу ўзнікнення найстарэйшага славянскага рукапісу – Супраскага кодэксу. Гэты год у Падляшскім ваяводстве прысвечаны гэтаму кодэксу.
Калі пра кнігі яшчэ гаворым, варта падацца ў Заблудаў. Гэта даўняя маёмасць Хадкевічаў, а пасля Радзівілаў. Рыгор Хадкевіч у 1569 годзе заснаваў першую на Падляшшы друкарню, у якой Іван Фёдараў з Пятром Мсціслаўцам надрукавалі «Евангеліе вучыцельнае» – першую кнігу, надрукаваную на Падляшшы, царкоўна-славянскую кнігу.
Цэнтрам старабеларускай культуры і праваслаўя быў таксама Драгічын. Першая сталіца Падляшша. Сёння ў гэтым горадзе праваслаўных меншасць. Да Драгічына варта падацца як з увагі на помнікі культуры, так і ландшафт. Буг цячэ там праз пагоркі, якія вельмі прыгожыя над далінаю Буга. Непадалёк ад Драгічына гарод Мельнік – другі важны горад на Бугу, дзе старабеларуская культура была дамінуючай. Да сённяшніх часоў ён у большасці заселены праваслаўнымі. Там таксама вельмі прыгожы ландшафт..». – кажа гісторык і краязнаўца.
Калі спадар Дарафей больш распавядаў пра свае родныя мясціны, якія знаходзяцца на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Беластока, то журналістка і пісьменніца Уршуля Шубзда, якая родам з Сакольшчыны, адзначыла для нас найбольш цікавыя мясціны на паўночны ўсход і на поўнач ад ваяводскага цэнтра. Напрыклад, у наваколлі Аўгустава.
«Ёсць там вельмі цікавы асяродак Скаўронак, які нагадвае яшчэ мінулыя, камуністычныя часы, ПНР. Там можна спакойна ў цішы адпачнуць. Ёсць возера, лес сасновы. Сосны даюць вельмі прыемны пах. І гэта ўсё ўплывае на тое, як чалавек адпачывае. Там камфортна. Была прыкладна два гады таму ў Ліпску. Там такая цікавая гісторыя – там былі і праваслаўныя, і ўніяты вельмі доўга, бо Ліпск быў захоплены Прусіяй. Дзякуючы гэтаму, унія там найдаўжэй працягнулася, чым у іншых рэгіёнах Падляшша. Там ёсць касцёл, дзе можна памаліцца блаславёнай Мар’янны Бярнацкай, якая з’яўляецца заступніцай нявестак.
Апрача рэлігійнага кантэксту, варта адзначыць, што там ціха, спакойна. Ёсць вельмі добрая аграсядзіба на вуліцы Крутой і там можна пайсці дагаварыцца з гаспадыняй, якая гатуе вельмі смачную ежу – усё такое хатняе. Там цячэ таксама рака Бобра (Бебжа), якая там толькі пачынаецца і не такая шырокая як у ваколіцах Ганёндза, але ёсць рака. Можна таксама паразмаўляць са старымі людзьмі, якія могуць распавесці пра гэтую раку неверагодныя гісторыі.
У Ялове не так даўно з’явілася такая кладка, па якой можна перайсці праз усе гэтыя Баброўскія балоты і дайсці да самой Бобры. Адважным рэкамендую паром, які перавязе на другі бок Бобры. Там ёсць такія прычэпленыя цяжкія ланцугі, і каб перабрацца на другі бераг трэба цягнуць за гэтыя ланцугі. Тая цішыня, гук тых ланцугоў, тое задавальненне, калі пераплываеш на другі бераг, вельмі прыемныя», – распавяла спадарыня Уршуля.
На Беласточчыне шмат месцаў, куды будзе цікава паехаць беларусам, нібы падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, сцвярджае доктар гістарычных навук Гражына Харытанюк-Міхей, якая працуе ў Беластоцкім універсітэце. Яна падкрэслівае, што асабліва беларускай з’яўляецца ўсходняя частка ваяводства. Што ж тычыцца непасрэдна наведванняў, то ўсё залежыць ад зацікаўлення людзей. Так калі нехта любіць прыроду, то варта паехаць у Белавежскую пушчу, дакладней тую частку, якая знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Цікавымі ёсць Нарвянскі, Бебжанскі і Вегерскі нацыянальныя паркі. І далей даехаць да Сувалак, назіраючы за прыгожымі краявідамі. Можна вандроўку пачаць наадварот – ад поўначы.
«Калі пачаць ад поўначы на поўдзень і ўздоўж мяжы, то можна паглядзець на архітэктуру, асабліва драўляную архітэктуру. Тыя драўляныя дамы вельмі нагадваюць тыя дамы, якія ёсць у Беларусі. Драўляная архітэктура засталася, яна ёсць. Пры нагодзе наведаць нашы вёскі. Яны не пакінутыя, там жыве шмат людзей. Вядома, насельніцтва мяняецца, і мясцовыя людзі адчыняюць аграсядзібы. У гэтыя вёскі таксама раю паехаць.
Ёсць таксама «Шлях адкрытых вокнаў», куды фармальна ўключаны тры вёскі – Сацы, Трасцянка і Пухлы з прыгожай архітэктурай. Там таксама знаходзяцца аграсядзібы для тых, хто хоча трапіць у спакойнае і ўтульнае месца побач з прыродай», – кажа Гражына Харытанюк-Міхей.
Спадарыня Гражына падкрэслівае, што цікавей за ўсё размаўляць з мясцовымі людзьмі, а не толькі глядзець на прыроду і архітэктуры. І таму можа так здарыцца, што ў вёсцы, дзе нібыта нічога цікавага няма, у размовах з людзьмі пройдзе ў вас ці не палова дня.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.