Заснавальнікі «Беларускага свабоднага тэатра» ўдастоены звання Ордэна Брытанскай імперыі

Заснавальнікі «Беларускага свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і Наталля Каляда ўдастоены звання членаў Ордэна Брытанскай імперыі за заслугі перад тэатрам у гонар дня нараджэння караля ў 2023 годзе. Пра гэта паведамляе Мікалай Халезін на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Фота: фэйсбук Мікалая Халезіна

«Неверагодна кранальна быць удастоенымі такога гонару ад караля. Больш за дзесяць гадоў таму Вялікабрытанія дала нам палітычны прытулак і стала нашым другім домам. Гэтая ўзнагарода прызнае нашы дасягненні ў свеце тэатра, мастацкае выказванне нашай пастаяннай барацьбы за правы і свабоды чалавека, якая забяспечваецца дэмакратыяй, якую мы цяпер называем домам. Як мастакі і як грамадзяне, мы лічым, што сёння як ніколі важна пакласці канец вайне ва Украіне і дыктатуры ў Беларусі, каб гарантаваць бяспеку і стабільнасць Еўропы», — выказалася наконт узнагароды Наталля Каляда.

«Мы нястомна змагаемся за свабоду самавыяўлення і права займацца мастацтвам, бо яно фармуе тое, чым мы з’яўляемся як людзі і як нацыі. Мы жывём у тыя часы, калі часам здаецца, што мастацтва і тэатр больш не маюць значэння. Такі гонар яшчэ раз падкрэслівае сутнасць таго, чаму мы робім тое, што робім; і мы падзяляем яе з усімі, хто калі-небудзь быў і працягвае з’яўляцца часткай нашага творчага працэсу — як на сцэне, так і за яе межамі», — напісаў у фэйсбуку Мікалай Халезін.

Ордэн Брытанскай імперыі — рыцарскі ордэн, якім узнагароджваюцца за ўклад у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Рыцарскі ордэн быў створаны брытанскім каралём Георгам V 4 чэрвеня 1917. Ордэн складаецца з пяці класаў грамадзянскага і ваеннага падраздзяленняў.

budzma.org