Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч піша пра цікавы разварот вечнага беларуска-кітайскага сяброўства, якое выявілася ў парадаксальнай прапанове віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова.
— Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў, выступаючы на міжгалактычным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу («горадзе на Няве»), прапанаваў Расеі і Беларусі ўвесці антыдэмпінгавыя санкцыі, — піша Кныровіч у тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі». — Да гэтага месца ўсё нармальна, праўда?
Цуды пачынаюцца далей. Снапкоў прапанаваў увесці гэтыя самыя санкцыі супраць бясконца сяброўскага нам Кітая.
З чаго б такі вось разварот?
Адкуль такое жаданне раптам атакаваць лідара (амаль) сусветнай эканомікі?
Тут павінен быў бы прагучаць роў матора, з’явіцца пах паленай гумы, і з-за кута высунуцца задаволеная рожа Він Дызеля (які сабраў 10-ым «Фарсажам» ужо $700 млн).
Справа тут у наступным. Калі ўсякія Рэно, Мэрсэдэсы і Вольвы сыходзілі з Расіі, ім плявалі ў спіны і рабілі радасныя твары: маўляў «цяпер-та зажывем»! Аднак практыка паказала, што «зажылі-та» якраз кітайцы.
Яны не проста занялі месцы сусветных гігантаў, але і «надавалі па майтках» мясцовым, айчынным гульцам. Гэтая тэндэнцыя на рынку грузавых аўто ў Расіі выглядае так: доля кітайскіх вытворцаў склала 58%, КАМАЗ упаў да 17%.
А МАЗ дзе? А няма. Дзесьці ў самым цёмным куце, за венікам схаваўся. 3,5% ад аб’ёму рынку.
Ну а тое, што на рынку легкавых аўто ў Беларусі доля кітайцаў складае 80%, даўно ўжо не сакрэт.
Так што істэрыка беларускага чыноўніка зразумелая. Накшталт як збіраліся зарабіць, а тут — такі аблом.
Але вось загваздка — антыдэмпінгавыя санкцыі ўводзяцца тады, калі вытворца на знешнім рынку спрабуе заваяваць пазіцыі, прадаючы прадукцыю танней, чым на ўнутраным. І гэта зусім не падобна на тое, што адбываецца цяпер.
Як дакладна заўважыў наймудрэйшы кіраўнік «БелДжы» сеньёр Свідзерскі, кітайскія вытворцы з іх велізарным унутраным рынкам і поўным цыклам вытворчасці ўнутры валодаюць цалкам натуральнай коштавай перавагай.
Што ж будзе? Тут выбар няпросты.
Вельмі цяжка адначасова тапіць за вайну з «сусветным злом», агітаваць за ШАС, БРІКС, а таксама іншыя спалучэнні літар, і ў гэты ж момант змагацца супраць эканамічнай інтэграцыі з брацкім кітайскім народам.