Эжэн Кюры, ён жа «YAUGEN», ён жа Яўген Курыльчык — баяніст, клавішнік, вакаліст вядомы сваім сольным акустык-фолк праектам, удзелам у фолк-гурце «Harmonic Style Project» i поп-кабарэ «Wagon Buffet» выдаў свой эмігранцкі трэк «Неўзабаве я ў Варшаве», які ад сёння можна пачуць на стрымінгах.
З гэтай нагоды паразмаўлялі з Яўгенам пра музыку, натхненне і бліжэйшыя планы.
— Яўген, дзе Вы жывеце зараз? Як адаптаваліся на новым месцы?
— Жывем зараз у Варшаве, вось ужо год. Асабіста я толькі зараз адчуваю, што больш-менш адаптаваўся. Граю у некалькіх барах, выкладаю вакал. Са знаёмымі тут праблем няма, гэта дапамагае.
— У чым знаходзіце натхненне?
— Ой, натхненне знаходжу ва ўсім: у прыродзе, музыцы, кітайскай гарбаце, архітэктуры, людзях. У Еўропе шмат новага і цікавага, гэта таксама натхняе. Трэба часам толькі наладзіць свой прымач і азірнуцца навокал.
— Пра што Ваш новы трэк?
— Новы трэк пра прыгоды ў польскай эміграцыі. Ён, канешне, больш адгукнецца тым, хто пераехаў у Польшчу, бо там сабраны розныя мясцовыя фішачкі. Яго можна паслухаць, каб узняць сабе настрой, пасмяяцца з розных жыццёвых рэчаў, нават каторыя могуць быць не дужа вясёлыя ў сапраўдным жыцці.
— Чым натхнёнае яго напісанне?
— Натхненнем было жаданне працягнуць ствараць. Мы з Wagon Buffet шмат гэта рабілі ў Мінску, потым пачалася вайна, і стала неяк не да жартаў. Але зараз разумею, што людзям гэтага не хапае і патрэбна, бо смех дапагае ў любыя часы, з ім лягчэй нават у цяжкія. Так што вырашыў даць сабе волю ствараць у вобразе Эжэна тут ужо аднаму.
— З кім і дзе запісвалі трэк?
— Пісаў трэк цалкам я на сваёй хатняй студыі. Звядзенне таксама сам рабіў, трохі вучуся гэтаму паралельна на сваіх іншых трэках. Я граю на некалькі інструментах, так што ўсе іх разам з вакалам запісваю зараз сам.
— Ці магчыма будзе новы матэрыял пачуць ужывую?
— Пакуль не планаваў канцэртаў Эжэна, бо не шмат матэрыялу. Толькі адна песня запісаная, але ёсць у планах міні-альбом. Думаю, хутка буду гатовы разам з кім-небудзь зайграць супольны канцэрт, напрыклад. Паглядзім.
— Якія канцэртныя планы бліжэйшыя маеце? З якім праектам ці праектамі?
— Буду выступаць у канцы ліпеня у Беластоку на «Рознагалоссе Фэст» са сваім фолк-праектам YAUGEN. Дарэчы там жа будзем граць з Андрусём Такіндангам. Планую да восені дарабіць фолк-альбом і зладзіць якія-небудзь прэзентацыі. Пакуль так.