Беларусы ў розных гарадах свету ўшаноўваюць свайго мастака Алеся Пушкіна, палітзняволенага, які раптоўна і загадкава памёр у ноч на 11 ліпеня пад канвоем у рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі ў Гродне.
Прычына смерці Алеся Пушкіна турэмнай адміністрацыяй пакуль не агучваецца. Хаця ўжо вядома, што мастак памёр падчас аперацыі і што ягонае здароўе моцна пахіснулася ў апошнія месяцы.
Беларусы ізноў самаарганізаваліся 11 ліпеня. На вялікі жаль, з такой жалобнай нагоды.
Акцыя памяці прайшла ў Вільні ля амбасады Беларусі ў Літве
Варшава
Беласток
Познань
Берлін
Паніхіда за спачын Алеся Пушкіна ў Вільні
У сераду, 12 ліпеня, беларуская царква ў Вільні служыць паніхіду за спачын Алеся Пушкіна, палітзняволенага мастака, які пры нявысветленых абставінах памёр у рэанімацыі сёння ноччу.
Прыходзьце на малітву памяці.
Дата: 12 ліпеня
Час: 18.00 (час мясцовы)
Месца: беларуская царква ў Вільні, Bokšto g. 4, Вільня
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт беларускага антысавецкага партызана Аўгена Жыхара.
На момант завядзення справы Алесь Пушкін быў у Кіеве, але прынцыпова вярнуўся ў Беларусь, ведаючы пра крыміналку.
Затрымалі проста на працы — ён рэстаўраваў палац у Жылічах.
25 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін падчас суда парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. 30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя калоніі пакарала пяццю месяцамі ў ПКТ.
Вясной гэтага года Алеся Пушкіна перавялі ў гродзенскую турму.