Медалём «Гонар і годнасць» ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі. Раней такую ўзнагароду атрымлівалі сваякі загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў.
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі выдаў пастанову аб пасмяротным узнагароджанні мастака і палітвязня Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць».
Такой узнагародай ад імя беларускага народа адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі, паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.
У пастанове адзначаецца, што Алесь Мікалаевіч Пушкін — вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, выбітны беларускі патрыёт з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, чалавек няскоранага духу, які «ўсё сваё жыццё аддаў Радзіме і беларускай мове» і які «страціў жыццё, будучы закладнікам рэжыму падчас зняволення ў турме».
Пастанова была падпісана беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 12 ліпеня.
Раней такую ўзнагароду атрымлівалі сваякі загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў.
13 ліпеня з Алесем Пушкіным развітваліся ў вёсцы Бобр, дзе ён жыў. Пахавалі яго на мясцовых могілках.
Труну з целам мастака прывезлі ў вёску Бобр сёння раніцай. Алеся Пушкіна хаваюць у вышыванцы. У труну яму паклалі яго капялюш.
Нагадаем, Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі ў ноч на 11 ліпеня, яму было 57 гадоў. У мастака засталося чацвёра дзяцей.