Класкоўскі: Байдэн, Ціханоўская і сімвалічныя жэсты

Патрэбны пастаянныя намаганні дэмсіл, каб беларускае пытанне не выпадала з фокуса. Сустрэча Ціханоўскай з Байдэнам была, найхутчэй, вельмі кароткай, але і сімвалы ў палітыцы маюць вялікае значэнне. Асабліва калі гаворка пра краіну — лідара заходняга свету.

Вашынгтон дае сігнал літоўскаму прэзідэнту, які раней у размове з Байдэнам назваў Беларусь расійскай губерняй, што не варта ставіць на адну паліцу рэжым і народ.

Святлана Ціханоўская распавяла дэталі сустрэчы з прэзідэнтам ЗША. Яна адзначыла, што ўдзячна Байдэну за сустрэчу, падчас якой данесла беларускую пазіцыю і тое, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны.

— Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША, – пракаментавала Святлана Ціханоўская.

Наколькі важная сёння для дэмакратычных сіл гэтая сустрэча, а для беларусаў у цэлым — падтрымка ЗША? «Салідарнасць» спытала пра гэта ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.

— З аднаго боку, зразумела, што гаворка ідзе пра нейкія сімвалічныя жэсты. Байдэн, выступаючы, згадаў Беларусь праз коску, нароўні з іншымі краінамі.

Сустрэча з Ціханоўскай, мяркуючы па ўсім, была кароткай па часе. Магчыма, гэта быў абмен некалькімі фразамі. З іншага боку, сімвалы ў палітыцы таксама маюць вялікае значэнне, — кажа эксперт у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Нават калі гэта спічрайтар упісаў Беларусь у прамову Байдэна, трэба, каб хтосьці яму тое падказаў і настаяў на гэтым, таму што ў выступленнях палітыкаў такога рангу кожнае слова на вагу золата.

Так што факт згадкі Беларусі і сустрэчы Ціханоўскай з Байдэнам — вельмі важны сёння, асабліва таму, што мы бачым, як на Захадзе ўмацоўваецца спецыфічны падыход у адносінах да беларускага пытання.

novychas.online