Імігрантка з Беларусі Ларыса Свечын стала мэрам горада Сані-Айлс-Біч у штаце Фларыда. Згодна з афіцыйнымі вынікамі выбараў, яна на некалькі дзясяткаў галасоў абышла сваю канкурэнтку, паведамляе slavicsac.com.
У якасці мэра Ларыса Свечын абяцае палепшыць інфраструктуру горада, у тым ліку заняцца рамонтам дарог і інвеставаць у перадавыя распрацоўкі ў сферы бяспекі. Таксама новаабраны мэр будзе працаваць для стварэння «бяспечных месцаў для дзяцей, пажылых і маладых людзей», у прыватнасці яна паведаміла, што кам’юніці мае патрэбу ў «спецыяльным патрулі на пляжы». Акрамя гэтага, палітык абяцае стварыць спартовыя комплексы для дзяцей і моладзі, а таксама вялікі парк для сабак.
Пад кіраўніцтвам новага мэра працэс атрымання пасведчання асобы рэзідэнта стане спрошчаным. «Урад павінен лепш працаваць на нас!» — кажа спадарыня Свечын.
Ларыса Свечын — імігрантка з Беларусі, з Гомеля, маці 4 дзяцей, не па чутках ведае аб праблемах імігрантаў у Паўднёвай Фларыдзе, асабліва — выхадцаў з СНД і былых рэспублік СССР.
Паводле slavicsac.com