Фестываль абуджаных TUTAKA – фота

14 і 15 ліпеня ў Гарадку на Падляшшы прайшоў «Фестываль абуджаных TUTAKA».

Да сустрэчы з Святланай Ціханоўскай і пачатку канцэртнай праграмы ў гасцей фестывалю „Tutaka” была добрая нагода атрымаць новыя веды падчас-майстар-класаў. Асаблівая ўвага была нададзеная маленькім наведвальнікам – для іх майстар-клас праводзілі „Мова Нанова” з Маляванычам, які расказваў казку.

Пазней да фэсту „Тутака” далучылася мастацкая рэзідэнцыя „Дома Творцаў”, якая функцыянуе цяпер у Беластоку. Адна з прац, прадстаўленых на падзеі, была прысвечаная загінуламу палітвязню-перформеру Алесю Пушкіну.

Зараз у мастацкай рэзідэнцыі ўдзельнічае 14 чалавек.

Фэст „Тутака” меў насычаную праграму, таму да імпрэзы прыцягнутыя і каля 10 валанцёраў.

Да фэсту далучылася Святлана Ціханоўская.

Мастачка і перформерка Яна Шостак абвесціла пра свой намер балатавацца ў парламент Польшчы. Як адзначыла актывістка, яе шлях пачнецца з Падляшша і ёй неабходна падтрымка і дапамога беларусаў.

Першы дзень фестывалю завяршыўся сапраўдным дваровым канцэртам. Гасцей свята цешылі гурты „Dzieciuki”, „Квардзік“, а таксама Уладзімір Пугач (J:МОРС).

Акцёр Аляксандр Ждановіч (ён жа – Маляваныч), які зладзіў на фэсце “Тутака” беларускую батлейку, у другі дзень імпрэзы правёў гульні з дзецьмі.

Малады мастак Яраслаў Кірвель прапаноўваў стыкеры, паштоўкі і партрэты ўласнага вырабу. Больш за ўсё Яраславу падабаецца маляваць беларускіх класікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча.

Набыць стыкеры з тварамі любімых пісьменнікаў можна ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.

На другі дзень фестывалю увага гасцей была скіравана на майстар-класы і спартыўныя гульні. Выдатнае надвор’е толькі спрыяла добраму настрою ўдзельнікаў свята.

У праграме мерапрыемстваў фестывалю таксама адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні», якая была перакладзеная на беларускую мову.

Наведнікі фестывалю мелі магчымасць убачыць прэм’еру кароткаметражнага гульнявога фільма “Бусел” ад “Bulbamovie”.

Урачыстае адкрыццё канцэртнай праграмы другога дня распачалося з відэазварота старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Канцэрты праходзілі з удзелам NOCHY, BOTANIC PROJECT, DLINA VOLNY, DAJ DAROHU. Усю ноч можна было танчыць пад музыку PAPA BO SELEKTAH.

Адкрытую лекцыю “Калі сонца было богам…” прапаноўваў клуб “Beer & History”.

Падчас урачыстага адкрыцця канцэрту да наведнікаў звярнуліся Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Адразу пасля іх звароту адбылося выступленне гурта “Дай дарогу”.

Сярод тых, хто завітаў на падзею, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі:
– Я насамрэч ужо трэці раз. З самага пачатку фестывалю я разам з вамі. Я лічу гэта вельмі важнай падзеяй для развіцця беларускай ідэнтычнасці. Асабліва ў тым вельмі складаным часе, калі складана развіваць беларускую культуру, ідэнтычнасць у самой Беларусі. Тут такая магчымасць створаная, у Беластоку, у Падляшшы, дзе не толькі шмат беларусаў, якія з’ехалі і былі вымушаныя з’ехаць, але і, канешне, таксама на гэтай зямлі шмат беларусаў беларускай меншасці ў Польшчы. І яшчэ ёсць адзін вельмі важны фактар – гэта такі мост між культурамі, між палякамі, між беларусамі, паколькі мы – суседзі і, канешне, мы думаем, што мы шмат ведаем адзін пра аднаго, а насамрэч трэба шмат чаго даведацца. Вельмі важная падзея.

Арганізатары зазначаюць, што ў наступным годзе фэст “Тутака” таксама плануецца.

Паводле racyja.com