Выстава палітычнага плакату беларускага мастака Уладзіміра Цеслера адкрылася ва ўкраінскім Тэрнопалі. Паўтара дзясятка работ, з якімі знаёмыя многія беларусы, былі прадстаўленыя ўкраінскаму гледачу, піша «Радыё Ўнэт».
У Тэрнопаль выставу прывезлі беларускія актывісткі – Таццяна Гацура-Яворская, кіраўніца грамадскай арганізацыі «Ланка», створаная ва Украіне, каб дапамагаць параненым вайскоўцам ды іншым, хто мае патрэбу, а таксама журналістка Аліна Рудзіна.
«Тут, напэўна, важныя самі плакаты, сам мэсэдж, які ёсць у працах Цеслера. Але найважней тое, што вакол гэтага ўсяго адбываецца. І можна казаць, што выстава – гэта падстава, для таго, каб украінцы задумаліся, зацікавіліся, каб украінцы і беларусы паміж сабой пачалі размаўляць.
Сама па сабе выстава – гэта перфоманс, нейкая падзея, але я разглядаю гэта як падставу для дыялогу паміж украінцамі і беларусамі. То бок, украінцы прыходзяць, яны пачынаюць цікавіцца, магчыма нешта гугліць, нейкія працы могуць іх падштурхнуць штосьці больш даведацца. Яны могуць негатыўную рэакцыю выказваць, могуць пазітыўную. Але і адна і другая рэакцыя – гэта падстава для размовы.
Мы звярнуліся да Цеслера і запыталі ці можам мы паказваць ягоныя працы ва Украіне. Ён вельмі горача адгукнуўся, сказаў, што ён будзе дужа шчаслівы, калі гэта атрымаецца. Спачатку гэтая выстава планавалася ў Львове, але гэта не атрымалася, таму што для вулічнага плаката – гэта расцэньваецца, як публічнае масавае мерапрыемства, і на гэта патрэбны адмысловы дазвол (падчас ваеннага стану – РУ). Але, найперш, ва Украіне гэтыя працы былі выстаўленыя ў Адэсе. Гэта было ў закрытым памяшканні, і непатрэбна было там нейкія асаблівыя дазволы атрымліваць.
Пасля гэтая выстава была ў Ірпяні, яна была якраз на вуліцы. І гэта рабілася разам з мясцовымі ўладамі. Таму нам далі зялёнае святло, і гэтая выстава вісела ў Ірпяні два тыдні. Цяпер Тэрнопаль, пасля плануецца Дубна і Крэменец. І зараз мы ўжо вядзем перамовы, каб гэтая выстава была вулічнай у Кіеве. Мы мяркуем, што восенню гэтая выстава даедзе да Кіева, яна будзе на вуліцы, дасяжная, як мага бoльшая колькасці наведнікаў.
Яшчэ, калі мы яе мантавалі, мы злавілі досыць шмат пазітыўных водгукаў. Людзі ўжо пачыналі здымацца з гэтымі працамі і ўсміхацца. Іх весялілі некаторыя працы, якія мы вывешвалі. І фідбэк быў вельмі добры. Я магу сказаць, што яна правісела два тыдні, а адпачатку планаваўся адзін тыдзень. Але праз тыдзень мясцовыя ўлады сказалі, што, калі мы хочам, гэтая выстава можа правісець два тыдні. Негатыў, магчыма, і быў, але ён проста быў незаўважны. А агульны фідбэк, які мы атрымалі, быў вельмі пазітыўны і падтрымлівальны».
Цалкам рэпартаж з адкрыцця выставы палітычнага плакату Уладзіміра Цеслера ў Тэрнопалі слухайце ў плэеры ніжэй: