Валер Руселік (блогер Daroha): Прызнанне маіх сацсетак экстрэмісцкімі – гэта паскудства. Нагодаў для віншавання я не бачу

Сацыяльныя сеткі Валерыя Руселіка (блогер Daroha) прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Суд Ленінскага раёну Горадні паглядзеў YouTube, Facebook, TikTok ды Twitter блогера і вырашыў, што яны пагражаюць нацыянальнай бяспецы, піша «Радыё Ўнэт».

Больш за тое, небяспеку стабільнасці нашай квітнеючай Радзімы нясуць нават лагатыпы «Daroha» і «ЧБ», якімі карыстаецца Валер.

Пра тое, як прызнанне кантэнту экстрэмісцкім адбіваецца на блогерах? Як працаваць у новых умовах? Дзе знайсці свайго гледача? І як раскруціць канал на беларускай мове, у эфіры радыё Ўнэт распавёў блогер Валер Руселік.

Сцісла ў размове:

  • Я б не сказаў, што прызнанне каго-кольвек экстрэмістам – гэта знак якасці. Калі вас пабілі дручком, гэта не азначае, што ў вас пабачылі ворага, якому варта супрацьстаяць. Гэта проста дробязнае паскудства.
  • Рэжым спадзяецца, што праз новы статус частка аўдыторыі ад мяне адпішацца. Прычым экстрэмісцкай прызналі нават маю старонку ў Facebook, на якую падпісаныя мае сваякі, сябры, аднакласнікі. І што цяпер усім ім трэба будзе адпісацца, каб не патрапіць пад артыкул?
  • Калі ты працуеш на Беларусь, табой пачынаюць цікавіцца беларусафобы. Ты любіш сваю краіну, а ў вачах беларусаненавіснікаў – гэта злачынства. Яны заклікаюць любіць персанальна Лукашэнку, Савецкі саюз і Расею.
  • Я намагаюся рабіць тэмы, якія «не выстрэльваюць». У Беларусі на сённяшні дзень інфармацыйнай павесткай валодае рэжым Лукашэнкі, а ўсе яго апаненты проста рэагуюць на гэты інфармацыйны шум. А мне падаецца, што менавіта мы павінны задаць павестку, толькі так можна быць наперадзе і дыктаваць нешта сваё.

radiounet.fm