Купалле-2023 у Таронта

Фольк гурт Яваровы Людзі і Згуртаваньне Беларусаў Канады адсвяткавалі Купалле 2023 на базе адпачынку Слуцак, на беразе цудоўнага возера.

Сёлетняе Купалле-2023 на “Слуцку” выдалася даждлівым, але ад гэтага таямнічым і запамінальным. Больш за 130 гасцей сустрэліся на беразе возера Манітувабінг каб адзначыць сакральнае для беларусаў свята сонца і росквіту прыроды. Купальскі абрад, аўтэнтычныя беларускія народныя спевы, застолле з бяседай, агнявая дыскатэка ўначы, майстар класы па ляльках-абярэгах, саламяных павуках, выцінанцы – гэта толькі “афіцыйная праграма”. А колькі было новых знаёмстваў, размоваў, спартовых гульняў… Мы чакаем усіх гасцей, далёкіх і блізкіх, на Купаллі-2024, самым буйным беларускім фэсце ў Канадзе!

Арганізатары Купалля-2023, фольк-гурт “Яваровы людзі” і Згуртаванне Беларусаў Канады вельмі ўдзячныя спонсарам свята спадарам Андрэю Бабко і Паўлу Малышэўскаму. Таксама мы шчыра дзякуем Парафіі Св. Кірылы Тураўскага за магчымасць карыстацца цудоўным кутком канадыйскай прыроды – цэнтрам адпачынку “Слуцак”. Асобная падзяка ўсім валанцёрам і удзельнікам свята, з вашай дапамогай мы змаглі сабраць 500 дал для Палка Каліноўскага, у падтрымку збора на машыны для беларускіх ваяроў ва Ўкраіне.

belarusians.ca