Асвячэнне помніка святой пакутніцы Марыі Петручук у Малешах

У нядзелю на праваслаўных могілках у Малешах прайшла ўрачыстасць асвячэння помніка Святой пакутніцы падляшскай зямлі Марыі Петручук.

Помнік-магіла – сімвал памяці новых пакаленняў, аб тым што гісторыя застаецца важнай часткай жыцця. На могілках у Малешах сабралася звыш сотні людзей, таксама быў старшыня Беларускага гістарычнага таварыства і сябра „Нашай памяці”, прафесар Алег Латышонак. Помнік асвяціў настаяцель прыхода ў Малешах айцец Марк Якімюк:

— Памаліцца, асвяціць помнік, што пабудаваны на магіле святой Марыі Петручук, наймалодшай, што загінула ў Шпаках. Наймалодшы хлопчык меў няпоўныя чатыры гады, а тут Марыя, што аддала не сваю годнасць, а сваё жыццё. Будзе малая святыня, каторую ніхто, напэўна, не абміне, калі прыйдзе на могілкі. Хачу падзякаваць усім сябрам, што вельмі многа часу прысвяцілі адшуканню, спісанню ўсіх мучанікаў. Хачу падзякаваць археолагам, што з намі ездзілі як прафесіяналы, усё апісвалі. Хачу падзякаваць муляру спадару Веславу Кісялеўскаму, што сваё сэрца ўклаў у гэты нялёгкі помнік. Але перш за ўсё хачу падзякаваць прафесару Юрыю Усціновічу, што зрабіў праект без ніякага ганарару, і цэлы час даглядаў за будаваннем гэтага помніка. Без яго гэты цудоўны помнік ніякім чынам бы не ўзнік. Ну і дзякую ўсім, хто даў складчыну на гэты помнік. Бо без гэтых складчынаў, і вялікіх, і малых, гэты помнік, напэўна, тут не стаяў бы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Варта нагадаць, што Марыя Петручук, нараджэнка вёскі Шпакі, 20-гадовая дзяўчына, што загінула ад рук жаўнераў Бурага, баронячы свой дзявочы гонар. Уведзена ў лік святых пакутнікаў падляшскай зямлі разам з усімі ахвярамі злачынства, здзейсненага аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Капітана Рамуальда Райса на псеўданім Буры ў вёсках Залешаны, Вулька Выганоўская, Пухалы Старыя, Зане, Шпакі і Канцавізна.

racyja.com