Анатоль Лябедзька: Пагрозы незалежнасці і суверэнітэту Беларусі як ніколі велічэзныя

У сацыяльных сетках інтэрнэт-карыстальнікі спрачаюцца, калі ў Беларусі святкаваць Дзень Незалежнасці: 25 жніўня ці 27 ліпеня. Аднак наколькі гэтае пытанне актуальнае менавіта цяпер. Ці захавае Беларусь увогуле сваю незалежнасць? Ці лёгка яе здабылі беларусы ў пачатку дзевяностых гадоў? Пра незалежнасць разважае палітык Анатоль Лябедзька.

РР: Калі, на вашую думку, трэба адзначаць Дзень Незалежнасці Беларусі?

Анатоль Лябедзька: Выбар ёсць. Ёсць Дзень Волі, ёсць 27 ліпеня – дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, ёсць 25 жніўня – дзень, калі гэтай Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Ёсць прыклад Літвы, дзе некалькі святаў у звязку з Днём Незалежнасці. Я думаю, што для Беларусі гэта настолькі актуальная праблема, гэта як дзіця, якое вельмі цяжка нараджаецца. Таму, калі будзе некалькі святаў, звязаных з Днём Незалежнасці, то гэта трэба толькі вітаць.

Так што я думаю, выбар ёсць, і гэта добра. Калі гэта будзе некалькі святаў, звязаных з Днём Незалежнасці – гэта таксама не пашкодзіць, бо нам трэба праз дзесяцігоддзі, калі так званая ўлада рабіла ўсё, каб вытравіць з памяці некаторыя даты, некаторыя падзеі гістарычныя, то нам трэба аднаўленне. І калі мы будзем часцей пра гэта гаварыць, то гэта будзе толькі лепш для самаідэнтыфікацыі беларусаў. Для таго, каб у будучыні была незалежная, вольная, еўрапейская Беларусь.

РР: Наколькі паўстала сур’ёзная пагроза незалежнасці Беларусі і ці верыце вы ўсё ж такі, што незалежнасць Беларусі захаваецца?

Анатоль Лябедзька: Так, мы зараз назіраем вельмі моцны адкат ад 27 ліпеня 1990 года, ад 25 жніўня 1991 года. Моцны адкат. Пагрозы, выклікі незалежнасці, суверэнітэту як ніколі велічэзныя. І пра гэта трэба не проста думаць, а прыкладаць намаганні, каб не здарылася самае страшнае. Каб зноў незалежнасць не пераўтварылася ў далёкую мару. Разам з тым, канешне ж, ёсць месца для аптымізму. Таму што сёння ідэі незалежнасці і суверэнітэту пасеяны вельмі шырока ў беларускім грамадстве. Але ёсць яшчэ адна задача. Мала захаваць незалежнасць Беларусі. Бо незалежнасць і суверэнітэт можа быць і ў канцлагеры. У нас двайная задача. З аднаго боку, захаваць незалежнасць, суверэнітэт Беларусі. А з другога боку, зрабіць усё, каб Беларусь стала часткай еўрапейскай супольнасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

racyja.com