Больш за сотню беларусаў, што жывуць у грузінскім Батумі, прынялі ўдзел у акцыі — перформансе на Плошчы Еўропы. Перформанс акцыі быў у тым, каб напісаць прозвішчы беларускіх палітзняволеных і выкласці іх у выглядзе абрысаў Беларусі.
Пра свой удзел у акцыі і пра памяць падзей 2020 году расказваюць актывісты:
— Людзі, што за кратамі пакутуюць дагэтуль. Гэта нагода згадаць іх, бо людзі паміраюць і пакутуюць. Ёсць спакуса забыцца і зажыць сваім жыццём, што было да. А гэтага рабіць нельга, пакуль справа не скончыцца. Я не маю такой ідэі ідэальнага згадвання. Я думаю, кожная акцыя, у каторай фігуруюць палітвязні, пагатоў, калі гэта абстаўлена збольшага крэатыўна, гэта добрая ідэя.
— На маю думку, каб, па-першае, не забыцца, па-другое, каб памятаць пра свае памылкі і старацца іх выправіць.
— Для мяне гэта быў першы дзень моцнай еднасці, калі людзі паспрабавалі ўсё змяніць, самі, без кагосьці іншага. Людзі зрабілі важны крок, таму трэба памятаць.
Правядзенню акцыі троху перашкодзіў дождж, аднак актывісты здолелі напісаць больш за 1500 прозвішчаў беларускіх палітзняволеных.