Беларус, які вымушана з’ехаў у Польшчу, у інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра супраціў, атмасферу ў беларускіх катавальнях, дапамогу Украіне. І планы вярнуцца.
Ужо некалькі месяцаў Андрусь (імя змененае па просьбе героя) разам з жонкай і дзецьмі знаходзіцца ў бяспецы ў Польшчы, дзе сям’я вымушана пачала новую старонку свайго жыцця. Але гэта зараз, а ў «анамнезе» ў яго — маршы, некалькі затрыманняў, «суткі» і больш чым рэальная пагроза крымінальнага пераследу за антываенную пазіцыю.
2020, жнівень. Мінск
— Да выбараў я быў не вельмі актыўны, бо добра помніў увесь папярэдні негатыўны вопыт і меў вельмі песімістычны настрой. І калі ішоў збор подпісаў за Бабарыку і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў, прама сказаў: «Хлопцы, няма розніцы, ці збярэм мы подпісы, ці не — усё адно яго не зарэгіструюць, альбо пасадзяць, а калі нешта заварушыцца супраць Лукашэнкі, той папросіць дапамогі ў Пуціна, і будзе ў нас тут «ДНР» і «ЛНР» нумар два.
Будучы амаль упэўненым, што і гэтым разам дэмакратыя ў Беларусі не пераможа, Андрусь не збіраўся актыўнічаць — праўда, у дзень выбараў усё адно, надзеўшы белыя бранзалеты, яны з жонкай прагаласавалі за аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў, згарнулі бюлетэні так, каб няможна было падмяніць — «зрабілі ўсё, як трэба».
Увечары пайшлі паглядзець, якія выбаркамы «намалююць» вынікі і ці збяруцца людзі ў цэнтры Мінска, каб выказаць сваю нязгоду.
Тэлеграма ў Андруся яшчэ не было, а па тэлефоне, распытаўшы сябра, крыху пераблытаў — і спачтку замест стэлы прыехаў да абеліска на плошчы Перамогі. Магчыма, гэта і ўратавала іх з жонкай ад таго першага «хапуна» — калі яны зразумелі сваю памылку і рушылі пешшу ў бок Нямігі, убачылі, як да стэлы рухается велізарны чорны натоўп АМАПаўцаў.
— Мы ішлі каля Траецкага прадмесця і бачылі, як на супрацьлеглым беразе адзінокія людзі спрабуюць уцекчы ад АМАПу, іх ловяць удвох-трох і збіваюць. Бліжэй да маста нам насустрач беглі ўжо акрываўленыя людзі, мы іх супакойвалі, як маглі, але бачылі, што гэтае страхоцце, «замес», працягваецца, і зразумелі, што трэба і самім выбірацца.
У той раз ніхто пару не затрымаў — а ўжо каля дома, блізу школы, дзе быў выбарчы ўчастак, зноў сустрэлі АМАП, але ў зусім іншай сітуацыі: сілавікі нешта мітусліва выносілі са школы, а людзі на іх крычалі і гналі прэч, нават кідалі ў машыну камяні — і ў рэшце рэшт прагналі іх.
— Было такое эмацыйнае ўзрушэнне, што на другі дзень мы зноў пайшлі на Нямігу, і там ужо давялося трохі самім уцякаць ад мянтоў, — усміхаецца Андрусь. — Бачна было, што гвалт не спыняецца — у той перыяд, калі сілавікі ўсіх жудасна збівалі, адзін мой знаёмы месяц не мог падняцца на ногі, ляжаў пасля Акрэсціна ў шпіталі.
А потым здарылася, калі можна так сказаць, «адліга», у якую мы якраз трапілі — амаль кожны дзень выходзілі на мітынгі, у жывыя ланцугі, якія стаялі ўздоўж дарог з кветкамі і сцягамі.
У жніўні быў мітынг ля Чырвонага касцёлу, у якім мы таксама бралі ўдзел. Сілавікі абкружылі вялікі натоўп людзей, ачапілі з усіх бакоў і пачалі заціскаць. Мы сталі ў «счэпку», якую АМАП хвілін 40 не мог разарваць — яны ўжо і злаваліся на нас, і крычалі, што ім дамоў хочацца — але ні мы не маглі вырвацца, ні яны не маглі натоўп раздзяліць. Патэлефанавалі сваім начальнікам, маўляў, што рабіць, тыя і далі загад «жанчын адпусціць, мужчын затрымаць» — нам агучылі, што правядуць бяседу і адпусцяць, але ніхто, зразумела, не паверыў. Тады пачалі выхопліваць па адным, па два чалавекі.
Дваіх сяброў Андруся, якія былі на роварах, АМАПаўцы адпусцілі толькі таму, што не ведалі, як увапхнуць тых у перапоўненыя аўтазакі. Хлопцу пашэнціла менш, і яго разам з іншымі затрыманымі, як селядцоў у бачонку, адвезлі ў Центральны РУУС, дзе ўсіх пасадзілі ў актавай залі.
Там насамрэч выклікалі на «размову»: дапытваючы, спрабавалі пераканаць, што ўсе пратэсты праплачаныя замежнымі лялькаводамі, а вы, маўляў, ведзяцеся як бараны і не цэніце таго, што зрабіла мудрае кіраўніцтва. Тым не менш, прыкладна апоўначы затрыманых адпусцілі, а суд, які прайшоў пазней, абмежаваўся штрафам.
— Пасля гэтага я ўжо не хадзіў на маршы і акцыі, але па дробязі рабіў, што мог — лістоўкі, нейкія графіці, карацей, «партызаншчына», — пералічвае Андрусь.
Ягоная жонка працягвала хадзіць на жаночыя маршы, але ў рукі сілавікоў не трапіла.
2021, сакавік. Акрэсціна, Жодзіна
У рэжыме падпольнага супраціву Андрусь працягваў нешта рабіць да наступнага затрымання, які адбыўся на Дзень Волі.
Паглядзеўшы па базе, што Андрусь ужо «рэцыдывіст», міліцыянты яму адразу сказалі рыхтавацца да «сутак» і павезлі на Акрэсціна.
— І гэта якраз быў той час, калі пачаўся «жасткач», — раней «палітычныя» і кніжкі чыталі, і матрасы ў іх былі, і перадачы нават прымалі, усё, як для звычайных зняволеных, а тут бац, і ўсё перапынілася. Цяжкавата, канешне, давялося.
Каб зразумець, што хаваецца за гэтым «цяжкавата», пагаворым больш пра тамтэйшыя ўмовы.
Два тыдні мы жылі ўвогуле без перадач ад сваякоў. Каго у чым схапілі, той у тым і сядзеў. Мне пашанцавала, я быў у зімовай вопратцы. А вось аднаго хлапца амапаўцы выцягнулі з кватэры у тапках, майтках і футболцы. Таму давялося ўсёй камерай скідвацца хто чым мог, каб адзець хлапца.
У 4-мясцовай камеры, вузкай, як пенал, было 15 чалавек, пры гэтым вакно адчынялася на малую шпарынку, дый тое спатрэбілася прыдумляць нейкую прыладу, каб дацягвацца да вакна праз краты. У гэтую прастору, дзе ўсе гарызантальныя паверхні былі занятыя людзьмі, двойчы на дзень залівалі хлорку:
— Першы раз наогул было без папярэджання. Зазірнуў нехта: «Ага, у вас тут брудна, свінні!» — дзверы адчыняюцца, і хлабысь, вядро хлору!
Мы спыталі, як жа нам прыбрацца, калі у нас толькі савок і агрызак веніка? Нам адказалі: «Прыбірайцесь пакуль так, пазней вам прынясуць анучу».
І мы сталі саўком ды венікам прыбіраць гэтую жыжу, хлопцу з алергіяй, астматыку, стала блага, пасадзілі яго бліжэй да вакна, каб хоць неяк дыхаў. Хвілін праз 15 праз кармушку закінулі насоўку, каб паздзеквацца — але мы ўсё неяк вымакалі, вычысцілі.
Праходзіць, мо, яшчэ паўгадзіны — і новае вядро нам пляснулі, давай зноў прыбіраць.
Яшчэ адна мясцовая «забава» — «шмон» некалькі разоў на дзень, калі ўсіх зняволеных выганяюць з камеры і ставяць на расцяжку ў калідоры ўздоўж сцяны, а самі абшукваюць камеру, пры гэтым выкідаюцы ўсе рэчы з усіх торбаў на падлогу, ды заліваюць ўсё гэта хлорам.
Акрамя таго «сон» у нас быў з уключаным на поўную моц святлом і з начнымі штогадзіннымі пераклічкамі.
У самым пачатку, калі затрыманых перавялі з ІВС у ЦІП, аб’яднаўшы дзве камеры ў адну, некаторыя з хлопцаў сказалі ахове, што не адчуваюць пахі і, відаць, хворыя на каранавірус, але гэта, зразумела, нікога не турбавала — і захварэла практычна ўся камера.
— Я дык досыць лёгка перанёс, а быў у нас мужык гадоў мо пад 50, якому было вельмі цяжка: ляжаў на падлозе, амаль не падымаўся, яго калаціла ўвесь час. Урач-то прыйшла, але ў яе тэрмометр заўжды паказваў 36,6, што б ні было з чалавекам — сказала «не дурыце мне галаву, у вас усё нармальна» — ледзь выпрасілі ў яе адзін раз парацэтамолу.
Каб нам лепей жылося, яшчэ закідвалі раз-пораз бамжоў, ды ўсё палохалі нейкім бамжом Дзімам. Хлопцы, хто з ім сядзеў, казалі, што персанаж сапраўды хардкорны, у якога ўсе віды жыўнасці ў наяўнасці. «Наш» бомж быў не такі яскравы, але таксама ўсякае здаралася.
Дарэчы, пад канец адсідкі мы таксама крыху сталі нагадваць бамжоў, бо пакуль не было перадач, зубы не чысцілі, не было чым, а ў душ нас прынцыпова не вадзілі амаль да канца адсідкі. Асабіста я змог памыцца на 29-ы дзень.
Праз тых, хто выходзіў на волю, хоць і нельга было з сабой нічога праносіць, удавалася час ад часу перадаваць невялікія вестачкі родным, каб ведалі, што мы яшчэ жывыя — але адваротны працэс не ішоў.
— Па ўражаннях, там, на Акрэсціна, яшчэ засталіся людзі ў сістэме, ці ўжо ўсе аднолькавыя?
— Насамрэч, цяжкае пытанне. Ведаеце, запомніў адну размову — калі нас выгналі з камеры ў чарговы раз, штосьці дваім міліцыянтам не спадабалася і пачалі крычаць: «Як вы нас, б***, задзяўблі, каб вы ўсе, с**, хутчэй перадохлі!».
І вось камеру «шманаюць», мы стаім на расцяжцы, чакаем, а за маёй спінай гэтыя двое абмяркоўваюць: «Слухай, а як твой сын, ходзіць на якую футбольную секцыю?» — і дзіву даешся, звычайная, нармальная размова.
А як нас заганяць — зноў у крык: «Развярнуліся, т***! Наперад, ***, ***!» — і далей паміж сабой: як там жонкі і дзеці. То-бок, мы для іх як быдла, якое перашкаджае ім жыць, і яны не саромеліся ў выразах, даючы гэта зразумець.
Так што цяжка казаць, хто лепшы, хто горшы. Але затое мы зразумелі, што Акрэсціна — гэта быў супер-узровень, пасля таго, як нас перавялі ў Жодзіна. Вось ужо дзе люты трэш. Я, праўда, даседжваў там усяго тыдзень і «хапнуў» не так багата, як тыя, хто правёў у тамтэйшых умовах 2-3 тыдні.
Рэч у тым, што падлога там — не драўляная, а халодная кафля, і спаць на ёй немагчыма. Удзень нельга сядзець на ложках ці падлозе, можна толькі хадзіць ці сядзець за сталом, а на лаўках месца няшмат, даводзілася ўвесь дзень бадзяцца 2х2 метры.
Акрамя таго, вада была толькі халоднай, не памыешся, вакно не зачынялася — а на двары красавік, пачаўся снег, які замятала ў камеру. 15-20 хвілін уначы спіш, потым адціскаешся, каб сагрэцца, потым зноў у паўвока спіш, зноў адціскаешся — і так усю ноч, інакш змярзаеш ушчэнт.
Мяне лупілі ўсяго раз — на наступны дзень ногі былі сінія, тэмпература паднялася, ледзь мог хадзіць, потым пакрысе ачуняў, але яшчэ доўга ўсё балела. А былі хлопцы, каго збівалі не раз і не два — па начах выцягвалі з камеры ў душавую, каб прыглушыць гукі, і білі, шокерамі, рукамі, нагамі, пакуль тыя не страчвалі прытомнасць. Наша камера была паблізу і ўсё было добра чутна.
Вось у гэтых істотах, на маю думку, нічога чалавечага не засталося: пасадзі такіх у турму — яны будуць са сваіх сукамернікаў здзеквацца, яны не адумаюцца і не «перавыхаваюцца».
Са мной сядзелі розныя людзі, але ўсе яны былі, так бы мовіць, больш-меньш ідэйнымі змагарамі. Акрамя аднаго. Гэта быў нейкі гопнік з раёну, які трапіў на «суткі» толькі таму, што на добрым падпітку вырашыў пажартаваць і гукнуў міліцыянтам «Жыве Беларусь!». Ён меў за плячыма ўжо некалькі адсiдак за разбойныя напады, збіццё, рабаванні ды іншае.
Дык вось ён казаў, што ва ўсіх зонах пабываў і шмат чаго бачыў, але не бачыў, каб так здзекваліся з людзей: «Я ў поўным шоку ад таго, што тут адбываецца!». — «Разняволься, — кажам яму, — ты цяпер «паліцічаскі», прывыкай».
2022, Мінск-Варшава
Пасля ўсіх гэтых падзей, пра якія Андрусь гаворыць дзе-нідзе нават з чорным гумарам, намераў выехаць за межы Беларусі ён усё адно не меў, працягваў «партызаніць» па меры сіл.
— А потым пачалася вайна. І я пачаў ладзіць акцыі супраць вайны. Адзін раз нават, калі ехаў грузавік з расейскімі салдатамі, я да іх прыстроіўся, пачаў сігналіць і паказаў ім антываенны плакат, каб яны зразумелі, што ім у Беларусі не рады.
Адну з антываенных акцый ўбачыў «ябацька», які ведаў, дзе я жыву, і патэлефанаваў, куды след. Пасля гэтага пачалі набіраць з невядомых нумароў. Прабіў па базе, зразумеў, што гэта міліцыянты, папрасіў нікога са сваякоў не браць слухаўкі. Праз месяц-другі маці знянацку зняла трубку, ну і ёй выдалі: «Вашаму сыну трэба з’явіцца, ён датычны да такога і такога».
Мне даслалі павестку. Карацей, зразумеў, што ў трэці раз да іх трапіць не хачу.
Андрусь звярнуўся ў «Беларускі дом у Варшаве», там дапамаглі праз польскае пасольства зрабіць гуманітарныя візы для ўсёй сям’і: «Мега-рэспект ім, літаральна дзесяць дзён прайшло».
І ўжо на наступны дзень пасля атрымання візы, не адкладваючы — тэрмінова выехаў у Польшчу.
— Што было самым складаным на новым месцы? Ды ўсё. Мы ж пераязджаць не збіраліся, мовы не ведалі, працы тут не мелі, падвязак нейкіх не было — як у ваду скочыць, не ўмеючы плаваць. Але абставіны так склаліся, што трэба пачаць новае жыццё ў іншай краіне, таму па ходу п’есы асвойваліся. Пасля таго гета, якое я прайшоў, астатняе было ўжо не такое страшнае.
У Андруся — украінскія карані. Таму, прызнаецца, першым памкненнем было, як толькі выедзе з Беларусі, пайсці ў полк Каліноўскага:
— Некалькі разоў нават з жонкай сварыліся з гэтай нагоды. Яна кажа: «Вось ты ідзеш ваяваць, а мы ў Польшчы з дзецьмі — ні грошай, ні працы, нічога, так загнемся з голаду… Я цябе разумею, але і кідаць дзяцей нельга». Вырашылі, што як тут уладкуемся і станем на ногі, тады я пайду. А пакуль з кожнай зарплаты штомесяц — абавязковы данат на ВСУ. Пакуль, на жаль, па-іншаму няможна, так хоць грашыма набліжаю нашу перамогу.
Мая бабуля, цёткі, дзядзька — яны ўсе зараз ва Украіне, у асноўным, пад Днепрам. Стэлефаноўваемся пастаянна. Па іх не страляюць, але выбухі чуюць, сірэны гудуць, электрычнасць адключаюць — як па ўсёй краіне, таму, канешне, страшна.
— Мабыць, не час яшчэ пытацца пра планы на будучыню?
— Пакуль хочам вярнуцца ў Беларусь. Не ведаю, як далей жыццё складзецца, але адназначна — як толькі ўсё зменіцца, вернемся.
Праўда, дзеці, паспытаўшы еўрапейскай школы, сказалі, што беларуская «поўны гамон і адстой», таму вяртацца не хочуць. Таму, пэўна, трэба будзе іх да ўніверсітэта давучыць, каб далей пусціць у Еўропу, а самім вярнуцца. А калі ў нас зменіцца ўсё раней — будзем прыязджаць на канікулы.
Хоць у 2020-м мы ўжо думалі, што некалькі месяцаў — і наступяць перамены, а яно ўсё цягнецца і цягнецца. Але спадзяванні ёсць. Бо мы ўсе змяніліся, і Беларусь змяняецца.