Тры гады мінула з жніўня 2020 года, калі ў Беларусі адбыліся выбары і краіна выйшла на пратэсты.
Што адбывалася ў першыя дні пасля выбараў у Берасці ўзгадвае праваабаронца Раман Кісляк:
– 9, 10, 11, 12 жніўня былі падзеі, калі людзі пратэставалі, выказвалі свае думкі, быў мірны пратэст. Але ўсё больш і больш сілавікоў прыязджала ў Берасце. Была ўзнятая дэсантная 38-ая брыгада. Былі ўзнятыя памежнікі. Бо сілаў міліцыі не хапала.
Па словах Рамана, ён сам у першыя дні пасля выбараў знаходзіўся за кратамі:
– Спачатку мы сядзелі ў ІЧУ. А калі ўжо мы ехалі ў СІЗА, гэта было 11 жніўня, мы доўга ў ізалятар не маглі трапіць, таму што, я так разумею, там была чарга з аўтазакаў з розных ІЧУ, не толькі з Берасця, але і з бліжэйшых раёнаў, яны былі ўсе запоўненыя. Прывозілі людзей у СІЗА, якое вызвалі ад ранейшых вязняў, іх перавезлі ў Баранавічы. І намі запоўнілі СІЗА. У нас была васьмімясцовая камера, а ў ёй было 32 чалавекі.
Раман Кісляк пасля ператрусу і заведзенай на яго крымінальнай справы ў 2021-м годзе быў вымушаны пакінуць радзіму і цяпер жыве ў Грузіі.