Беларуская супольнасць, што жыве ў Італіі, згадала падзеі жніўня 2020 года. Акцыі адбываліся ў розных гарадах гэтай краіны.
Пра акцыі распавяла прадстаўніца „Народнай амбасады” у Італіі Юлія Юхно:
– Мы адзначалі даволі такі маштабна. У горадзе Бергама мы вывесілі наш нацыянальны сцяг, гэта быў адзіны горад у Італіі, дзе вывесілі сцяг. Мы размаўлялі з многімі мэрамі і адміністрацыямі. Нам адказвалі, што гэта неафіцыйны сцяг, таму вывешваць яго яны не могуць. Мэр Бергама пайшоў на сустрэчу.
Яна кажа, што беларускія акцыі адбываліся таксама і ў іншых гарадах Італіі:
– У двух гарадах былі падсвечаныя будынкі – гэта Сіена, Асацыяцыя беларусаў у Італіі, атрымалі дазвол таксама ў Балонні. Гэта тры такіх мерапрыемства. Таксама мы зрабілі маніфестацыю ў Фларэнцыі, тут нас падтрымалі прафсаюзы, як заўсёды, і канешне як заўсёды гэта былі беларусы, якія жывуць у Фларэнцыі, якія жывуць у Рыме.
Па словах Юліі Юхно, зараз у Італіі жыве каля 10 тысяч беларусаў, якія расцярушаныя па ўсёй краіне. Аднак беларускія акцыі прымеркаваныя да значных гістарычных датаў збіраюць вялікую колькасць беларусаў пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.