Падаць дакументы можна будзе на першую і другую ступень навучання. Для паступлення ў бакаўларыят беларусам неабходна мець школьны атэстат. У магістратуру возьмуць з дыпломам ВНУ.
Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта — адзіная ў свеце, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «беларуская філалогія» па-за межамі Беларусі.
На кірунку «Беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы» студэнты вывучаюць мову, літаратуру і гісторыю. На занятках абмяркоўваюць творы Алексіевіч і Бахарэвіча, аналізуюць тэксты беларускіх СМІ, размаўляць пра мову ў палітыцы. Асобны акцэнт — на беларуска-польскіх перакладах.
Сярод выкладчыкаў кафедры — прафесары Мікола Хаўстовіч, Андрэй Масквін, Радаслаў Калета, кандыдаты філалагічных навук Вольга Трацяк, Анна Сівірская, Катажына Дрозд-Урбаньска, Анхела Эспіноса Руіс. Таксама на кафедры працуюць Марыля Хаўстовіч і Ірына Агеева.
У перапынках паміж лекцыямі студэнты-беларусісты выязджаюць у навуковыя экспедыцыі, удзельнічаюць у міжнародных філалагічных канферэнцыях, далучаюцца да арганізацыі кафедральных праектаў, а пры жаданні нават могуць вучыцца на паралельным кірунку.
Паступленне на кірунак адбываецца анлайн. Для падачы дакументаў неабходна зарэгістравацца ў электроннай сістэме Варшаўскага ўніверсітэта. Абітурыенты другой ступені навучання таксама будуць мець дадатковы экзамен па беларускай мове на ўзроўні С1. Беларусам яго здаць нескладана. А вось пацвердзіць узровень валодання польскай і англійскай трэба будзе або сертыфікатам, або на анлайн-сумоўі, якое праходзіць у даволі простай і вельмі прыязнай форме. Пасля для іншаземцаў ва ўніверсітэце будзе магчымасць бясплатна хадзіць на курсы польскай мовы ў інстытут Polonicum.
- рэгістрацыя на І ступень навучання 17.08 — 11.09.2023
- рэгістрацыя на ІI ступень навучання 16.08 — 13.09.2023
- экзамены/сумоўі 18-19.09.2023 (анлайн)
- прыём дакументаў 25-26.09.2023 (стацыянарна!)
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці па спасылцы, а дадатковыя пытанні варта скіроўваць на электронны адрас vtratsiak@uw.edu.pl.