Уладзімір Някляеў узгадаў сваю апошнюю сустрэчу з Віктарам Карамазавым.
«Не стала Віктара Карамазава. Усяго год не дажыў ён, адзін з найталенавітых нашых пісьменнкаў, да свайго 90-годдзя.
Апошні раз сустрэліся гады паўтара таму. Выпадкова. На вуліцы Фрунзе. Побач з Домам літаратара. Ён не пазнаў мяне скрозь закрапаныя дажджом акуляры. Сказаў: “Я ўжо, Валодзя, нікога і нічога не пазнаю. І не таму, што кепска бачу. Проста ўсё стала іншае. Само жыццё. І ўсе сталі іншымі разам з ім. Ці, можа, сталі такімі, якімі яны насамрэч былі, а не тымі, кім прыкідваліся. Напрыклад, – кіўнуў ён у бок Дома літаратара, які быў некалі ягоным домам, – прыкідваліся пісьменнікамі…”
Ён ніколі і нікім не прыкідваўся. Быў сапраўдным пісьменнікам, сапраўдным сябрам, ствараў сапраўдную літаратуру і жыў сапраўдным жыццём.
Бывай, Віктар Філімонавіч!»