Вялікае княства Літоўскае – супольная спадчына сучасных беларусаў і літоўцаў. Заява Рады БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з насьцярогай назірае за спробамі справакаваць раскол паміж беларусамі і літоўцамі вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага княства Літоўскага.

Рада БНР падкрэсьлівае, што любы публічны канфлікт між беларусамі і літоўцамі ёсьць перадусім выгодны нашым супольным ворагам – дыктатарскай пуцінскай Расеі, а таксама яе сатэліту, рэжыму А. Лукашэнкі ў Беларусі, які займаецца прасоўваньнем расейска-савецкага каляніяльнага ідэалягічнага і псэўдагістарычнага наратыву, варожага да спадчыны Вялікага княства Літоўскага, і мэтанакіравана займаецца русыфікацыяй Беларусі, у тым ліку польскай і літоўскай меншасьцяў.

Нашыя супольныя ворагі, некаторым зь якіх продкі цяперашніх літоўцаў і беларусаў супрацьстаялі стагодзьдзямі, зацікаўленыя ў тым, каб гэткія канфлікты выходзілі за межы канструктыўнай акадэмічнай, экспэртнай і грамадзкай дыскусіі і прыводзілі да ўзаемных абразаў і крыўдаў, шкодзячы шматсотгадовым добрасуседзкім стасункам паміж народамі цяперашніх Беларусі і Літоўскай Рэспублікі. Рада БНР нагадвае пра мінулыя спробы Масквы пасварыць беларусаў і літоўцаў у пачатку 90-х гадоў, каб перашкодзіць працэсу аднаўленьня незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі, які віталі і падтрымлівалі беларускія дэмакратычныя сілы – акурат тыя, чыя ідэнтычнасьць абапіралася на памяць пра Вялікае княства Літоўскае. У студзені 1991 году сотні беларусаў прыехалі ў Вільню і сталі побач зь літоўцамі, абараняючы парлямэнт Літоўскай Рэспублікі і права літоўцаў на незалежнасьць.

Вялікае княства Літоўскае было ўтворанае, будавалася і існавала як вынік шчыльнага ўзаемадзеяньня балцкіх, усходнеславянскіх і заходнеславянскіх культураў і народаў. У бітвах пад Грунвальдам, Оршай, Сініх Водах, плячо да пляча супраць зьнешніх ворагаў на роўных ваявалі харугвы зь Менску й Вільні, Наваградку й Трокаў, Віцебску й Коўна і іншых гарадоў.

Спробы аспрэчыць права любога з нашых народаў называць сябе спадкаемцамі Вялікага княства Літоўскага і лічыць гістарычную Літву сваёй дзяржаваю ёсьць гістарычна беспадстаўнымі, заведама дэструктыўнымі і граюць на руку толькі і выключна агрэсіўным рэжымам Лукашэнкі і Пуціна.

Рада БНР канстатуе, што спадчына Вялікага княства Літоўскага сталася падмуркам для нацыянальнай ідэнтычнасьці як сучасных беларусаў, так і сучасных літоўцаў. Для абодвух нашых народаў гістарычная Літва – залаты век дзяржаўнасьці. У прыватнасьці, на Вялікае княства Літоўскае як этап беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ўскосна спасылаюцца як Устаўныя граматы БНР, так і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г.

Рада БНР адзначае, што нашыя народы маюць пазытыўны вопыт мірнага і добрасуседзкага абыходжаньня з супольнай гісторыяй. Прыкладам такога можа служыць супольнае перапахаваньне паўстанцаў 1863-1864 гадоў, якое было выдатна праведзенае ўладамі Літоўскай Рэспублікі ў 2019 годзе і дзе прысутнічалі прадстаўнікі Літоўскай Рэспублікі, Польшчы і Беларусі – усіх краінаў, дзе шануецца гераічны подзьвіг нашых землякоў-паўстанцаў, якія загінулі за нашую і вашую свабоду. Рада БНР вітае дзейнасьць у Літоўскай Рэспубліцы беларускіх палітычных, культурніцкіх і навучальных установаў, якая не была б магчымая без падтрымкі з боку ўладаў Літоўскай Рэспублікі. За гэтую падтрымку беларусы заўсёды будуць удзячныя, і яна як нішто ўмацоўвае доўгатэрміновае беларуска-літоўскае добрасуседзтва.

У гэтай сувязі Рада БНР засьцерагае палітыкаў і лідараў грамадзкай думкі як Беларусі, так і Літоўскай Рэспублікі ад агрэсіўнай і дэструктыўнай узаемнай рыторыкі пры абмеркаваньні тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі Вялікага княства Літоўскага, каб гэтая аднолькава адчувальная для беларусаў і літоўцаў тэма не рабілася інструмэнтам маніпуляцый і правакацый з боку нашых агульных ворагаў.

Рада БНР заклікае гісторыкаў Беларусі і Літоўскай Рэспублікі да фармуляваньня ўзважанага погляду на складаную і шматгранную гісторыю Вялікага княства Літоўскага, які б грунтаваўся на фактах, адкідаў нацыяналістычны падтэкст і прадугледжваў супольныя інтэрпрэтацыі, якія паважалі б пачуцьці як беларусаў, так і літоўцаў, і паважаў тую ролю, якую памяць пра Вялікае княства Літоўскае адыграла ў пабудове сучасных беларускай і літоўскай нацыяў.

Рада БНР падкрэсьлівае, што Вялікае княства Літоўскае ёсьць супольнай спадчынай і супольнай каштоўнасьцю беларусаў і літоўцаў, якая павінна яднаць нашыя народы, але не падзяляць іх.

radabnr.org