Выйшла яскравае відэа пра еўрапейскую суперзорку Францыска Скарыну

Беларускі офіс Фонду Конрада Адэнаўэра (KAS Belarus) у супрацоўніцтве з Лявонам Вольскім ажывілі вобраз нашага першадрукара Францыска Скарыны.

Кліп прысвечаны шляху Францыска Скарыны і таму, як беларус стаў еўрапейскай суперзоркай. Ідэйныя стваральнікі відэа імкнуліся падкрэсліць унёсак Францыска Скарыны, безумоўнага супергероя беларускай культурнай прасторы, і ў еўрапейскую гісторыю. У маляваным відэа, створаным у крэатыўнай агенцыі «Малако», распавядаецца пра шлях першадрукара, ён як «капітан» пераадольвае складанасці, якія падкідвае яму жыццё на шляху, знаходзіць сваё пакліканне і ўтаймоўвае метафарычны акіян «словаў», праз што становіцца першадрукаром і стварае свае значныя і па сёння кнігі.

Хоць Скарына быў гуманістам, лекарам і біёлагам, ён найбольш вядомы як першы кнігадрукар ВКЛ і першы, хто пераклаў Біблію на ўсходнеславянскую мову. У 2022 годзе святкуецца 500 гадоў выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францыска Скарыны ў Вільні. Сталіца Літвы стала сапраўдным домам для многіх беларусаў, як і для Беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра. У гэтым горадзе пераплятаюцца многія беларуска-еўрапейскія гісторыі.

KAS Belarus дзеліцца гісторыяй стварэння кліпа:

«Мы адразу вырашылі, што European Superstar — гэта Францыск Скарына. Расказалі пра нашу ідэю Лявону Вольскаму, яму спадабалася, і ён далучыўся да праекта. Нашай мэтай было зрабіць цікавы прадукт як для беларусаў, якія ведаюць пра Скарыну не з чужых слоў, так і для нашых замежных гледачоў.

Праз музыку і анімацыю мы вывелі Скарыну з кніжнага кантэксту, у якім многія беларусы прывыклі яго бачыць са школы. Мы стараліся ажывіць яго сучаснымі, месцамі нечаканымі, а часам нават смешнымі малюначкамі. Для нас важна, каб у Скарыне перасталі бачыць персанажа падручніка гісторыі, акружанага датамі і званнямі, але ўбачылі жывога чалавека, беларуса, які прайшоў складаны шлях і пакінуў значны ўклад не толькі ў беларускай, але і ў еўрапейскай гісторыі».

budzma.org