Аляксандр Класкоўскі: «Радыкальнае рашэнне суседзяў Беларусі не выключана»

Мігранцкі крызіс на мяжы з Беларуссю 2021 года. Фота з bangkokbook.ru

Палітычны аналітык праекта «Позірк» разважае, на падставе якіх дзеянняў кіраўніцтва Беларусі нашыя заходнія суседзі могуць прыняць рашэнне пра поўнае закрыццё межаў. І чаго ў гэтых заявах больш — палітычнай рыторыкі альбо рэальных пагроз.

Як вынікае са свежай заявы намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацея Вонсіка, ці закрыюць палякі мяжу з Беларуссю, будзе залежаць перш за ўсё ад паводзінаў «вагнераўцаў».

Вонсік падкрэсліў: рашэнне закрыць мяжу, калі будуць заўважаныя «нейкія сімптомы» з боку Беларусі і агрэсіўныя дзеянні групы «Вагнер», Варшаве варта прымаць адначасова з Вільняй і Рыгай, каб «цалкам ізаляваць Беларусь».

Наколькі рэальная такая перспектыва? Чаго можна чакаць у гэтай сітуацыі ад Мінска? 

Прыгожын не кажа пра экскурсію ў Варшаву

Паводле ацэнкі польскага намесніка міністра, «вагнераўцаў» у Беларусі цяпер ад 3,5 да 5 тысяч. Іх правадыр Прыгожын засвяціўся ў відэазвароце ў баявой экіпіроўцы на фоне нейкай пустыні, паведаміў: маўляў, пры +50 «кашмарым ІДІЛ, “Аль-Каіду” і іншых бандосаў» у імя свабоды народаў Афрыкі. Пра намеры схадзіць на экскурсію ў Варшаву або Жешуў нічога не прагучала.

Дый Лукашэнка свае словы наконт «экскурсіі» забраў назад: маўляў, пажартаваў. І наогул стаў паўтараць, што суседзі ад бога і з палякамі трэба было б наладзіць адносіны.

Як бачым, «вагнераўцаў» у Беларусі адносна няшмат (і падобна, стала некалькі менш), у іх няма цяжкага ўзбраення — карацей, дастатковай моцы, каб сур’ёзна ўрывацца ва Украіну ці краіны NATO. Да таго ж, як іранічна заўважыў прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Юсаў, «сярод байцоў “Вагнера” няма вялікай колькасці самагубцаў».

Нейкія гібрыдныя дзеянні (змяшацца з натоўпам нелегальных мігрантаў), заход дыверсійна-разведвальных груп на сумежныя тэрыторыі — такія фокусы, вядома, магчымыя, але Лукашэнка, трэба думаць, не зацікаўлены дазваляць гэтым праблемным гасцям так вольнічаць.

Іншая справа, што прыбраць іх з беларускай тэрыторыі, ва ўсякім разе цалкам і хутка — задача не з простых. І самастойна вырашыць гэтую задачу Лукашэнка не можа. Дапусцім, кагосьці Прыгожын забярэ ў Афрыку, хтосьці вернецца ў Расію «на цывільную», або пойдзе на кантракт з Мінабароны Расіі, а астатнія? Зразумела, што багата інструктараў беларускаму войску не патрэбна, дый грошай на іх не набярэшся, гэта толькі прапагандысцкая адмазка.

Цалкам верагодна, што наконт лёсу экс-мяцежнікаў, якія сядзяць у намётах пад Асіповічамі, Лукашэнка цяпер вядзе няпростыя перамовы з Пуціным і ягоным «былым поварам».

Фактар «Вагнера» ва ўнутранай палітыцы суседзяў

21 жніўня камандуючы ўзброенымі сіламі Літвы Вальдэмарас Рупшыс заявіў, што прамой ваеннай пагрозы з боку Беларусі няма. Пры гэтым не прамінуў дадаць, што «і расійскія сілы, якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, і сам беларускі рэжым вельмі непрадказальныя».

З алімпійскім спакоем ацэньваюць ступень вагнераўскай пагрозы вайскоўцы ў Кіеве. Ім паўтараюць натаўскія стратэгі. Польскі намеснік міністра Вонсік прызнае, што пакуль прыгожынцы «не робяць нічога канкрэтнага».

Але тут трэба браць пад увагу вось які момант. Пагроза ў выглядзе «Вагнера» актыўна выкарыстоўваецца шэрагам актараў ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў Польшчы, Літве. У палякаў у кастрычніку выбары ў Сейм, літоўцаў прэзідэнцкая і парламенцкая электаральныя кампаніі чакаюць у наступным годзе.

Кіруючай польскай партыі «Права і справядлівасць», як адзначаюць яе крытыкі, важна падкрэсліць, як яна абараняе выбаршчыкаў ад небяспекі з боку беларускай дыктатуры. Таму вагнераўская пагроза раздзімаецца. Тую ж карту разыгрываюць некаторыя палітычныя актары і ў Літве. Тут яшчэ варта ўлічыць, што невялікія краіны Балтыі, памятаючы савецкую акупацыю, у прынцыпе хваравіта рэагуюць на тэму расійскага ўварвання. А лукашэнкаўскую Беларусь літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа ўжо трактуе як правінцыю Расіі.

У прыватнасці, з’яўленне тут вагнераўцаў выкарыстоўваецца як падстава, каб зноў паставіць пытанне аб узмацненні жорсткасці абмежавальных мер супраць беларусаў у Літве. Прасцей кажучы, іх хочуць прыціснуць у плане атрымання віз, легалізацыі гэтак жа, як і расійцаў. Па вясне літоўскі сейм адхіліў гэтую ініцыятыву Наўседы, але цяпер робіцца другі заход на мэту.

«Вагнераўцаў» і нелегалаў закрыццё пунктаў пропуску не турбуе

Зразумела, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які даўно вядзе гібрыдны прэсінг нелегаламі, цяпер прыцягнуў амаль да межаў ЕС прыгожынскіх арлоў, у суседзяў-натаўцаў ужо ў пячонках. Функцыянерам, якія адказваюць там за нацыянальную бяспеку, прасцей, калі бар’еры вышэй, фільтры больш жорсткія. Чым разбірацца, хто агент, пераапрануты дыверсант, а хто — добрапрыстойны беларус, прасцей мінімізаваць плынь з лукашэнкаўскай дыктатуры.

Але што атрымліваецца ў выніку? Вось закрыла днямі Літва два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Адзін з тамтэйшых дэпутатаў горда сфатаграфаваўся на фоне загарод на памежным пераходзе Шумскас: закрытыя на замок вароты, бетонныя блокі і спіраль Бруна папярок дарогі. Аднак закавыка ў тым, што для нелегалаў і вагнераўцаў гэты замак на варотах — не перашкода. Нелегалы на тое і нелегалы, каб пранікаць у жаданы ЕС патаемнымі сцежкамі. Прыгожынскі ДРГ, калі што, таксама будуць заходзіць без шэнгенскіх віз і адмысловымі маршрутамі.

Увогуле, нават поўнае закрыццё мяжы вагнераўцам, калі яны вырашацца пайсці на гібрыдную аперацыю, абсалютна не перашкода. А ўдарыць гэтая мера перш за ўсё па звычайных беларусах. Тым больш што хутчэй закрыюць мяжу для аўтамабільнага транспарту, чым для грузавых чыгуначных перавозак, таму што ў другім выпадку сур’ёзна пацерпяць інтарэсы іншых краін ЕС і Кітая. Пекін жа можа ўплываць і на Варшаву.

Пацерпяць тыя, у каго ў суседніх краінах ЕС праца, хто зарабляе чаўночным бізнесам, у каго ў Еўропе — сваякі, якія ўцяклі з краіны ад рэпрэсій. Ды і проста падарожнічаць у дэмакратычны свет становіцца для беларусаў амаль недасягальнай раскошай.

І наогул гэтая ізаляцыя паскорыць працэс мяккага паглынання Беларусі Крамлём. Як бачым, сёй-той з заходніх палітыкаў у думках ужо аддаў яе імперыі.

Штабы беларускіх дэмакратычных сіл аказаліся ў далікатнай сітуацыі. Офіс Святланы Ціханоўскай і яшчэ шэраг структур — у Літве, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне — у Варшаве. Апазіцыйны мэйнстрым прывык заклікаць да ўзмацнення санкцый, а тут, у пытанні мяжы, нібыта не той выпадак, каб бурна апладзіраваць. Але і моцна крытыкаваць палітычны істэблішмент краін, якія прытулілі апазіцыю, неяк не камільфо.

Для захавання асобы паўтараюць аб гуманітарных калідорах. І як вы сабе гэта ўяўляеце? Мяжа закрытая, аднак вісіць шыльда «прапускаем тых, хто ўцякае ад рэжыму Лукашэнкі»? Тады яго сілавікам застаецца толькі «вінціць» уцекачоў у гэтым бутэлькавым горлачку.

Далей, на нядаўняй канферэнцыі ў Варшаве лідары дэмакратычных сіл абвясцілі сваёй мэтай прывесці краіну ў Еўрасаюз. Але поўнае закрыццё межаў зусім не ўзмоцніць сімпатыі беларусаў да ЕС. Наадварот, атрымае козыры прапаганда рэжыму.

Бакі балансуюць на краі

Так, пакуль перспектыва закрыцця межаў не выглядае прадвызначанай на 100%. Варшава, Вільня, Рыга ціснуць на псіхіку Лукашэнкі (эканамічныя інтарэсы рэжыму, зразумела, таксама пад ударам), спадзяюцца на прынцып «пагроза мацнейшая за выкананне». Праўда, гісторыя паказвае, што часта палітыкі аказваюцца закладнікамі ўласных радыкальных заяваў, эскалацыя канфлікту выходзіць з-пад кантролю.

Ва ўсякім выпадку, да заканчэння парламенцкіх выбараў у Польшчы напружанне ў сюжэце з мяжой наўрад ці спадзе. Вядома, калі Лукашэнка раптам не пойдзе на сур’ёзныя саступкі.

Але ў вырашальнай ступені ён можа ўплываць, мабыць, толькі на паток нелегалаў. Які, дарэчы, цяпер прыкметна ніжэйшы, чым падчас крызісу 2021 года (але і тады, заўважце, пытанне закрыцця межаў у практычную плоскасць не ставілася). Ці атрымаецца кіраўніку адносна хутка расхлябацца з «Вагнерам», неяк яго фрагментаваць — пытанне не відавочнае.

Павел Яблоньскі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы, падкрэсліў нядаўна, што беларускія ўлады павінны таксама вызваліць з турмаў прадстаўніка польскай дыяспары Анджэя Пачобута «і больш за тысячу палітвязняў». На самай справе іх каля паўтары тысячы. І зразумела, што ўсіх іх Лукашэнка не гатовы на сёння выпусціць ні за якія пернікі. І нават выпусціць аднаго Пачобута — гэта з пункту гледжання кіраўніка азначае даць слабіну.

Так што ў бліжэйшыя месяцы ў пытанні закрыцця межаў бакі, хутчэй за ўсё, будуць балансаваць на самым краі. Радыкальнае рашэнне суседзяў Беларусі пакуль не фатальнае, але не выключана.

novychas.online