Турарбекава: Хутчэй за ўсё, колькасць выбаркамаў не будзе адпавядаць нормам

Ілюстрацыйнае фота з rg.ru

Улады адмаўляюцца публікаваць даныя членаў выбарчых камісій. Як паведаміў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, выбаршчык можа даведацца іх імёны, але адзіных спісаў больш не будзе. Так Цэнтрвыбаркам плануе абараніць гэтых людзей ад «булінга і ціску з-за мяжы».

Паліталагіня Роза Турарбекава лічыць, што ані булінг, ані ціск тут ні пры чым. Проста людзі ўжо не пагаджаюцца ўдзельнічаць не толькі ў выбарах, але і ўваходзіць ў выбарчыя камісіі. 

— Мяркую, справа не толькі ў той афіцыйнай прычыне, якую агучыў Карпенка, — патлумачыла Філіну Роза Турарбекава. — Галоўная праблема — масавая адмова ад удзелу ў выбарчых камісіях. А ўлады спрабуюць запэўніць патэнцыйных чальцоў выбаркамаў, што яны не будуць падвяргацца «булінгу».

Па-другое, не выключаю, што такім чынам будзе хавацца сапраўдная колькасць чальцоў выбарчых камісій. Хутчэй за ўсё, колькасць выбаркамаў не будзе адпавядаць нормам.

Гэта выключна мае здагадкі, заснаваныя на размовах з людзьмі, якія мелі справу з мясцовымі выбарамі і ведаюць, як гэтая карціна выглядае знутры.

Гаворка пра фальсіфікацыя не толькі на ўзроўні падліку галасоў (яна ўжо закладзеная ў сістэме і была выкрытая ў 2020 годзе), але і магчымай падробцы, якая тычыцца складу выбарчых камісій, іх колькасці.

— Ці ўдасца ўладам дасягнуць гэтай мэты — схаваць імёны чальцоў выбаркамаў? Людзі ж усё роўна прыйдуць на ўчасткі і ўбачаць, хто там сядзіць.

— Мяркую, што, хутчэй за ўсё, на ўчасткі прыйдзе вельмі мала людзей. Зараз у ход пойдзе акцыя запалохвання выбаршчыкаў, асабліва тых, хто не зможа гэтаму супрацьстаяць. Гэта ў першую чаргу бюджэтнікі, гэта значыць работнікі дзяржпрадпрыемстваў, а таксама студэнты.

Думаю, будзе ўзмацненне ціску і кампанія запалохвання з мэтай павялічыць яўку, легітымізаваць нейкім чынам выбары, але бачыце, ва ўладаў праблемы ўжо на ўзроўні стварэння камісій.

«Булінг» і «ціск з-за мяжы» менш за ўсё турбуе людзей, якім прапаноўвалі ўвайсці ў склад выбаркама. Мала хто хоча мець дачыненне да фальсіфікацый, да дыскрэдытаванай сістэмы. І там таксама ідуць акцыі прымусу, людзей спрабуюць прымусіць, але, мабыць, не вельмі атрымліваецца.

У 2020-м быў нанесены сур’ёзны ўдар па выбарчай сістэме, ад якога ўлады акрыяць не могуць. Яны не ведаюць, што рабіць, не ведаюць, што прапаноўваць, таму што пазітыўнай павесткі няма. Яны не могуць вярнуць усё назад. Гэта і ёсць разлажэнне сістэмы.

novychas.online