Выцінанка, беларускія лялькі і Лявон Вольскі на святкаванні Дня Рыгі

Сёлета беларуская дыяспара Латвіі ўпершыню ўзяла ўдзел у штогадовым Дні Рыгі. Падчас свята беларусы размясцілі свой стэнд на Ратушнай плошчы. 

Арганізацыяй удзелу ў мерапрыемстве займалася Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка» сумесна з Латвійскiм таварыствам беларускай культуры “Світанак” пры падтрымцы Дацкага культурнага інстытута ў Эстоніі, Латвіі і Літве.

Каб пазнаёміць латвійцаў з традыцыйнай народнай творчасцю і дзеля  папулярызацыі беларускай культуры дыяспара зладзіла майстар-класы па вырабе “выцінанкі” — мярэжаў, выразаных з паперы з дапамогай нажніц, i лялек-абярэгаў “Жаданніца”. 

Вялiкiм попытам наведвальнікаў карысталася майстэрня па жывапісе акрылам на шоперах. Кіравала ёй сучасная беларуская мастачка і ілюстратарка Вольга Якубоўская, вядомая па серыі «Коцiкі Свабоды». 

Цiкавасць гасцей выклікала распрацаваная чальцами «Суполкi» настольная гульня на падабенства беларускіх і латышскіх слоў i аквагрым з узорамі беларускага нацыянальнага арнаменту.

Са сцэны на Ратушнай плошчы ад імя беларускай дыяспары горад павiншавалi беларускі рок-музыкант Лявон Вольскi і латышскі хор «Frachori». 

Прыемнай нечаканасцю было сумеснае выкананне нефармальнага гімна Беларусі «Тры чарапахі» і версіі «харавога гімна» Латвіі Saule, Pērkons, Daugava на беларускай мове як сімвалу падтрымкі Латвіяй Свабоднай Беларусі.

Падчас святкавання Дня народзінаў Рыгі на стэнд да беларусаў завіталі пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семанiс, віцэ-мэр Рыгі Лінда Озола, кіраўнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Рыжскай думы Галіна Букоўска, кіраўнік Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Хараджанян, кіраўнік арганізацыі беларускіх мастакоў у Латвіі  «Маю гонар» Вячка Целеш, сябра Беларускага дома ў Эстоніі i прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі i Латвii Віталь Малчанаў i сябра Прэзідыуму Рады БНР Алесь Чайчыц.

novychas.online