У цэнтры Беластока адбылася традыцыйная акцыя салідарнасці са зняволеным журналістам і сябрам Саюза палякаў на Беларусі – Анджэем Пачобутам.
Які ўжо амаль два з паловай гады знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі. Ля помніка кс. Ежы Папялушку сабраліся каля паўсотні сяброў і паплечнікаў палітвязня, а таксама салідарныя з ім палякі ды беларусы.
Сярод іх нядаўні палітычны вязень – Дзяніс Князеў, які поўнасцю адбыў свой тэрмін, выехаў з Беларусі і ўпершыню прыйшоў на традыцыйную акцыю, каб падтрымаць Анджэя Пачобута:
– Трэба прыходзіць таму, што мы кожны дзень павінны памятаць пра тых людзей, якія засталіся там. У мяне шмат сяброў зараз сядзіць, я канешне п’ю каву, хаджу па свабоднай краіне, але кожны дзень памятаю, кожны дзень чытаю навіны. Зараз людзі пакутуюць, кожны дзень яны прачынаюцца, ідуць на праверкі, або спяць на падлозе на Акрэсціна, напрыклад. Або сядзяць і чакаюць вызвалення, Анджэй Пачобут таксама.
Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні. 8 лютага гэтага года суддзя Бубенчык прысудзіў яму 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. І зараз знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі №1. Штомесяц у Беластоку адбываюцца акцыі салідарнасці з палітвязнем.