Б*л*р*ск*я Р*да к*льт*ры і Дацкі інстытут культуры гатовыя прэзентаваць праект «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва». Еўразвяз вылучае на рэалізацыю гэтага праекту 2 мільёны еўраў. У сваёй працы з беларускаю дэмакратычнаю супольнасцю Еўразвяз упершыню падтрымлівае беларускую культуру ў такім маштабе.
«Ад пачатку нашага існавання, калі мы яшчэ дзейнічалі як выратавальная каманда для творцаў, у нас было жаданне і амбіцыя, каб культура трапіла ў прыярытэты ў тым ліку еўрапейскіх структур, якія дапамагаюць Беларусі, — кажа кіраўнік Б*л*р*ск8й Р*ды к*льт*ры Сяргей Будкін. — Мы бачым сэнс у тым, каб пашыраць яе ролю і ўплыў…».
Праект «ArtPower Belarus» разлічаны на 28 месяцаў і створаны адмыслова для беларускіх дзеячаў культуры, аўтараў усіх галінаў мастацтва, а таксама іх аўдыторыі — за мяжой і, наколькі гэта магчыма, унутры краіны.
Галоўныя мэты:
— падтрыманне культурніцкіх ініцыятываў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства, у тым ліку дыяспараў і суполак у выгнанні;
— стварэнне прафесійных культурніцкіх сетак і павышэнне майстэрства творцаў у гэтых сетках.
Распрацоўніца праекту «ArtPower Belarus» Таццяна Пашавалава адзначае:
«У межах ArtPower Belarus Р*да стварае Рэсурсны цэнтр. Гэта рэальная прастора для камунікацыі, што будзе месціцца ў Вільні. Мы таксама плануем правесці курс падрыхтоўкі менеджараў культуры, штогод ажыццяўляць міжнародныя культурніцкія канферэнцыі ды рыхтаваць рэгулярныя аналітычныя справаздачы. Пэўны адсотак ад грошай праекту разлічаны на экстранную дапамогу прадстаўнікам культуры».
Дацкі інстытут культуры (DCI) выступае вядучым партнёрам: арганізацыя мае адпаведны досвед буйных міжнародных праектаў па ўсім свеце, у прыватнасці ў краінах «Усходняга партнёрства».
«Праект «ArtPower Belarus» — вельмі важная і каштоўная магчымасць для Дацкага інстытуту культуры працягнуць працу ў справе падтрымання беларускай культуры ў шчыльным партнёрстве з Б*л*р*ск*ю Р*даю к*льт*ры… Гэты праект — важны крок да захавання беларускага культурніцкага жыцця, і разам з Р*даю мы цешымся з магчымасці падтрымаць беларускіх творцаў і працаўнікоў культуры», — дзеліцца Мэс Эстэргор (Mads Østergaard), часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне).
Усё гэта ў час беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў і бесперапыннай міграцыі творцаў за мяжу мусіць, наколькі гэта магчыма, не толькі аднавіць адабраныя магчымасці для свабоднага выказвання, але і ўзмацніць уплыў культурніцкіх дзеячаў на рух Беларусі ў кірунку незалежнай дэмакратычнай краіны.
паводле прэс-рэлізу