Ілона Карпюк: Поспехаў шмат

Як на ніве беларускай культурнай дзейнасці стварыць з’яву і даказаць, што праца нават у маленькім культурным асяроддзі прыносіць вялікія поспехі?

Распавяла „Госця Рацыі”, віцэ-старшыня аб’яднання „AB-BA” Ілона Карпюк:

РР: Калектыў „Падляшскі вянок” вярнуўся з гастроляў. З якім настроем вярнуліся?

– Чарговы год запар нашы дзеткі, з беларускага танцавальнага гуртка „Падляшскі вянок”, ездзяць у замежжа з канцэртамі, з выступамі. На фестывалях, якія маюць кшталт конкурсаў, гэта з аднаго боку цікавае для нашых дзетак, якія пазнаюць розныя месцы ў Еўропе, а таксама змагаюцца з замежнымі калектывамі за поспехі. У гэтым годзе ёсць чым ганарыцца, бо апошняя наша паездка адбылася ў жніўні, не так даўно, з 10 па 13 жніўня. Там малодшая і сярэдняя група выступалі на 37 міжнародным фестывалі фальклору, танцаў, культуры ў Празе. Вярнуліся вельмі задаволеныя з узнагародамі. Нашыя малодшыя дзеткі з 9 да 12 гадоў атрымалі першае месца ў фальклорным танцы. Нашая старэйшая група атрымала другое месца, але адначасова першае месца за сцэнічны выгляд танцаў, якія прэзентавалі ў конкурсе. Так што поспехаў шмат з нашай перспектывы. Моладзевая група ў гэтым годзе асобна з’ездзіла ў Грузію. З 10 па 16 ліпеня прысутнічалі на фестывалі „Краіна легендаў” у Тбілісі. Вярнуліся адтуль з тытулам лаўрэатаў. Нашыя вакальныя выступоўцы і танцавальны калектыў. Дадам яшчэ, што ў Празе адзін наш дуэт „Новыя падлясачкі” выступаў і таксама з другім месцам вярнуўся. Так што ганарыцца маем чым. З другога боку маем чым ганарыцца ў іншым сэнсе, бо праца такога танцавальнага гурт гэта цяжкая праца. Гэта сустрэчы мінімум два разы ў тыдзень, гэта таксама вялікая падтрымка бацькоў, вядома, што аб’яднанне „АБ-БА” – гэта аб’яднанне бацькоў. Мы сабраліся шмат гадоў таму, нашыя папярэднікі, каб неяк арганізаваць вакол беларускай культуры жыццё нашых дзетак. Каб ствараць магчымасці, развівацца ў розных галінах мастацтва. Узнік той жа гурт „Падляшскі вянок”. Вельмі цешымся такой бацькоўскай падтрымцы, што можам ездзіць у замежжа, гэта таксама важна. Для гэтага патрэбная праца і грошы. Поспехі, а таксама тое, што нашыя вучні з года ў год атрымліваюць дыпломы і стыпендыі мясцовых і ваяводскіх управаў, гэта таксама доказ таго, што такая цяжкая праца і на ніве культуры, а таксама праца з сабой, гэта таксама выклік для дзетак. Каб старацца, каб прыходзіць, каб удзельнічаць. Калі калектыў танцавальны, то гэта і касцюмы. Таксама трэба шукаць сродкі на касцюмы для нашых дзетак, якія пастаянна растуць. Таксама з другога боку ўклад бацькоў. Так што наша дзейнасць вядзецца пры ўласнай падтрымцы, а таксама дзякуючы сродкам ад спонсараў. У гэтым годзе дзейнасць „Падляшскага вянка” фінансуецца Міністрам унутраных спраў і адміністрацыі, а таксама з бюджэту Падляшскага ваяводства ідуць сродкі на дзейнасць нашага гурта. Бацькі гэта асноўная справа. Ну і інструктары, без іхняй працы гэтых поспехаў дакладна не было б.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

racyja.com