У Грузію пасля падзеяў 2020 года і рэпрэсій, што дагэтуль працягваюцца ў Беларусі, з’язджае вялікая колькасць беларусаў.
Што адбываецца з беларускай дыяспарай у грузінскай Аджарыі, распавядае намеснік старшыні грамадскай арганізацыі „Беларуская дыяспара ў Аджарыі” праваабаронца Раман Кісляк:
– Ёсць людзі з дыяспары, якія з’язджаюць, прыязджаюць. Людзі развіваюць розныя ініцыятывы, укараняюцца тут у Батумі, у Грузіі, адкрываюць свой бізнес. Ідзе развіццё дыяспары. Беларусаў шмат, можа быць не столькі, колькі было два гады таму. Частка людзей пераязджае.
Праваабаронца канстатуе, што сярод прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія знаходзяцца ў Грузіі ёсць праблемы з „візеранам”:
– Ідзе такая міграцыя беларусаў. Пагоршылася трохі сітуацыя для тых, хто займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю. З’яўляецца няпэўнасць для беларусаў, якіх могуць не пусціць грузінскія ўлады, адмовіць ва ўездзе нягледзячы на наяўнасць ВНЖ, працы і купленага жылля.
Раман Кісляк знаходзіцца ў Грузіі ўжо больш за два гады. Ён кажа, што зараз на тэрыторыі гэтай краіны знаходзіцца больш за 10 тысяч беларусаў.