Рэжысёрка Мара Тамковіч здыме фільм аб падзеях 2020 года ў Беларусі

Рэжысёрка Мара Тамковіч абвесціла аб здымцы свайго першага поўнаметражнага фільма. Карціна мае назву «8 гадоў і 3 месяцы» і апавядае гісторыю пары, двух беларускіх журналістаў, якія абодва працавалі падчас пратэстаў 2020 года і пацярпелі ад рэпрэсій, самых моцных у сучаснай гісторыі Беларусі, — паведамляе «Священный Белавуд».

Праект натхнёны гісторыяй журналістащ Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, адзін з персанажаў адпавядае асобе Дар’і Чульцовай. Андрэеву і Чульцову арыштавалі ў лістападзе 2020 года за вядзенне стрыму з Марша памяці Рамана Бандарэнкі. Чульцова ўжо выйшла на волю, праз два гады знаходжання за кратамі, Андрэева ўсё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні, яе асудзілі яшчэ раз па артыкуле за здраду радзіме.

Гэтую гісторыю ў межах 15-хвіліннага кароткаметражнага фільма «У прамым эфіры» Мара Тамковіч ужо зняла. Карціну паказвалі на некалькіх міжнародных фестывалях, дзе фільм атрымаў узнагароды. Цяпер жа ён будзе пераўтвораны ў паўнавартасны паўнаметражны фільм.

Прафінансуе праект Польскі інстытут кінамастацтва.

Вось што Мара Тамковіч піша пра свой праэкт у фэйсбуку:

«Для мяне вельмі важна, што менавіта гэты фільм, з якім я дэбютую [у поўнаметражным кіно]. Гэта здзейсненая мара — я заўсёды хацела дэбютаваць з беларускай гісторыяй (што падаецца крыху вар’яцтвам для беларускага рэжысёра, які працуе ў Польшчы), я заўсёды хацела, каб гэта была гісторыя, якая мае значнасць. Зараз гэта ў мяне атрымалася».

budzma.org