«На каранціне адразу кажуць, каб з Бабарыкам не размаўляў». Гісторыя магілёўскага актывіста, які набыў у калоніі кніжак на тысячу рублёў

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

Магілёвец Валянцін Лабачоў трапіў у калонію па абвінавачаніі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. За кратамі ён працаваў на цяжкіх работах — ад маразоў і вады рукі трэскаліся да крыві, 60 сутак правёў у штрафным ізалятары і пазнаёміўся з Віктарам Бабарыкам. Былы палітвязень распавёў «Медыязоне» сваю гісторыю — пра торбу кніжак і міліцыянтаў, якія не перасталі цікавіцца ім нават пасля пераезду.

Пагрозы ад сілавікоў і відэа на канале Азаронка. Перад судом

32-гадовы магілёвец Валянцін Лабачоў у актывізме ўжо больш за 10 гадоў. Пасля пратэстаў у 2010 годзе ён праходзіў сведкам па справе аб масавых беспарадках, быў на допытах у КДБ. У родным горадзе ён арганізаваў акцыі салідарнасці з палітзняволенымі і за гэта аказаўся на сутках.

Пасля выбараў у 2020 годзе Лабачова некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і пагражалі крымінальнай справай. Паводле слоў магілёўца, сілавікі прапанавалі «супрацоўніцтва», але мужчына адмовіўся. Актывізмам ён займацца не перастаў, таму пагрозы ператварыліся ў крыміналку. У канцы чэрвеня 2021 года Валянціна выклікалі ў Следчы камітэт і паведамілі, што яго падазраюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля допыту магілёўца адвезлі ў ГУБАЗіК, дзе пагражалі збіццём, прымушаючы запісаць «пакаяльнае» відэа. Валянціну сказалі, што, калі адмовіцца, яго чакае «салодкае жыццё» у ІЧУ. Да таго ж паабяцалі, што гэта відэа «нікуды не пойдзе».

— Пасля таго як я адседзеў трое сутак на ІЧУ, мне расказалі, што гэтае відэа было на канале ў Азаронка, — кажа Валянцін. — У ІЧУ я быў адзін амаль увесь час, там нічога не было, адныя клапы.

Магілёўца адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Мужчына кажа, што перад пачаткам судоў хацеў выехаць з Беларусі, але не ведаў як і перажываў, што калі яго зловяць падчас перасячэння мяжы, суд прызначыць значна большы тэрмін.

Пракурор запрасіў Валянціну 2 гады калоніі, суддзя прызначыла паўтара — суд адбыўся 11 кастрычніка. Лабачова ўзялі пад варту ў зале суда. Прыкладна 3,5 месяцы мужчына прабыў у магілёўскай турме ў чаканні апеляцыйнага паседжання. Ён кажа, што ў турме, у параўнанні з калоніяй, да яго было «больш-менш нармалёвае» стаўленне адміністрацыі. Спатканні з маці там дазвалялі два разы на тыдзень.

Патрэсканыя да крыві рукі, 60 сутак ШІЗА і цэлая торба кніг. Наваполацкая калонія

У канцы студзеня 2022 года Валянціна Лабачова этапавалі ў Наваполацкую ПК-1. «Ехаў я ў кайданках — рукі пераціснулі да крыві», — распавядае былы палітвязень.

Зіма ў калоніі — складаны час. Асуджаных падымалі а 4 раніцы, каб тыя прыбіралі снег на тэрыторыі калоніі. На каранціне на Валянціна склалі рапарт — паводле яго, так робяць з усімі палітычнымі. Прычына пашыраная — магілёвец «не павітаўся» з супрацоўнікам калоніі і не зашпіліў гузік.

— Даюць у асноўным вымову, мне далі пазачарговае дзяжурства. Прыходзіў атраднік, і я на камеру мёў лакальны ўчастак некалькі хвілін.

Пасля размеркавання ў атрад Валянціна адправілі абрываць налепкі з пакетаў, каб перапрацаваць іх у поліэтыленавую плёнку. Пазней былы палітвязень разбіраў кабелі — здымаў з іх аплётку і выпальваў, каб заставалася адна медзь. У маразы магілёўцу давялося працаваць падсобным рабочым на дрэваапрацоўцы. Трэба было ўвесь час знаходзіцца на вуліцы — за тое, што прыйдзеш пагрэцца ў памяшканне, маглі скласці рапарт.

— У мяне ад маразоў, ад вады, трэскаліся рукі да крыві, сінелі. Шмат у каго праблемы з рукамі. Я нават хадзіў на бальнічны.

На некаторых участках прамысловай зоны прадугледжваюць норму выпрацоўкі, а за яе невыкананне можна аказацца ў ШІЗА. Валянціна адпраўлялі ў штрафны ізалятар па іншых прычынах — напрыклад, за тое, што не пагаліўся, на працы зайшоў у іншы цэх. У суме магілёвец правёў у ШІЗА 60 сутак.

— Камера ўся ў кафлі, акно заўсёды адчыненае і яго нельга зачыніць. Ноччу прачынаешся ад холаду. Робіш зарадку, каб крыху сагрэцца і зноў заснуць. Калі доўга там сядзіш, худнееш, — распавядае Валянцін.

Ён зазначае, што вызваляўся з калоніі ён таксама праз ШІЗА — тое самае адбываецца з большасцю палітзняволеных у Наваполацкай калоніі.

Палітычных у кожным атрадзе — па 10-15 чалавек, і яны сутыкаюцца з мноствам абмежаванняў. Тэлефанаваць можна раз у месяц, пры гэтым карыстацца Skype, як гэта робяць звычайныя зняволеныя, не дазваляецца. Доўгатэрміновыя спатканні адміністрацыя дае толькі на суткі. Палітвязні не могуць хадзіць у царкву і на спартыўную пляцоўку. Працаваць ім трэба шэсць дзён на тыдзень, у той час як астатнім асуджаным — тры, пералічвае магілёвец.

Валянцін, як і большасць палітвязняў, атрымліваў лісты толькі ад сваякоў. Некаторым даводзілася прасіць у начальніка атрада дазволу на перапіску з каханымі дзяўчатамі. Інфармацыю з волі асуджаныя атрымлівалі з тэлефонных размоў і ад тых, хто хадзіў на спатканні. Асуджаным, якія вучыліся ў прафесіянальна-тэхнічнай вучэльні, нешта расказвалі вольнанаёмныя настаўнікі, кажа Валянцін.

Штотыдзень вязні ў абавязковым парадку глядзелі «Наши новости» і «Контуры». Выбар каналаў у калоніі невялікі — АНТ, «Беларусь 1», «Россия-1» і НТВ, пералічвае магілёвец. Таму, што паказваюць па дзяржаўным тэлебачанні, у зняволенні ніхто не верыць, упэўнены Валянцін.

Магілёвец кажа, што добра стасаваўся з іншымі вязнямі і стараўся дапамагаць тым, у каго не было падтрымкі з волі. У калоніі ён пазнаёміўся з Віктарам Бабарыкам і час ад часу з ім размаўляў.

— Калі прыязджаеш на каранцін, там адразу кажуць, каб з Бабарыкам не размаўляў, бо могуць напісаць рапарт і трапіш у ШІЗА. Негалосна забараняюць з ім кантактаваць, але людзі ўсё роўна размаўляюць з ім. Ён трымаўся заўсёды бадзёра, быў на пазітыве. Сумным бачыць яго не даводзілася, — згадвае Валянцін.

Маленькімі радасцямі ў зняволенні для магілёўца былі лісты ад сваякоў і кнігі. Больш за ўсё Валянціну, фанату фэнтэзі, запомніліся «Гульня тронаў» і «Вядзьмар». У калоніі былы палітвязень набыў кніг больш чым на тысячу рублёў (кнігі можна было замаўляць), чым азадачыў супрацоўнікаў калоніі.

— Пры вызваленні яны не ведалі, што рабіць. Кожную кнігу ім трэба праглядаць, каб я там ніякія запісы не зрабіў. Яны не паспелі там усё перагледзець. Я забраў дадому цэлую торбу, — кажа ён.

«Што вы там, як?» Жыццё ў Польшчы і цікаўнасць міліцыянтаў

Пасля вызвалення ў лютым 2023 года Валянцін павінен быў штомесяц прыходзіць адзначацца ў міліцію і размаўляць з участковым. Акрамя таго, трэба было прыходзіць на наглядальную камісію.

— У мяне была адна камісія — прыходжу, там сядзіць чалавек сем. Старшыня камісіі кажа: «Чаму ты не ўладкоўваешся на працу?» Я кажу, што буду з’язджаць. Ён: «У цябе ёсць месяц, каб з’ехаць, працаўладкавацца, альбо мы цябе ізноў пасадзім».

Пасля дыверсіі ў Мачулішчах адзначацца ў міліцыі трэба было кожны тыдзень. Да таго ж, міліцыянты маглі прыехаць да Валянціна ў любы момант, каб праверыць тэлефон. Так было некалькі разоў — праглядалі падпіскі ў сацсетках і нават гісторыю браўзара.

Магілёвец кажа, што з’язджаць не хацелася, але вымусілі абставіны. «На працу не ўладкавацца, жыцця няма. Напісаў заяву ў інспекцыю, што з’язджаю ў Польшчу».

Пасля пераезду яму дапамаглі з жыллём знаёмыя, праз месяц Валянцін уладкаваўся працаваць на склад. Жыццё ў Польшчы таксама не вельмі простае, кажа былы палітвязень.

— Да палякаў стаўленне іншае, чым да беларусаў і ўкраінцаў. Патрабаванні больш высокія. Я жыву ў хостэле, суседзі працуюць у розных месцах. У іх такія ж гісторыі, — расказвае ён. — У асноўным ты павінен працаваць шэсць дзён на тыдзень па 10-12 гадзін. Не ўсе так могуць. Я працую ў ноч. Можна за канвеерам стаяць па 5 гадзін без перадыху.

Нягледзячы на тое, што магілёвец некалькі месяцаў жыве ў Польшчы, яму працягваюць пісаць міліцыянты.

— Мне напісалі: «Што вы там, як? Там жа жывеце, там жа працуеце?» Я пакуль што нічога не адказаў. Міліцыянт кажа: «У нас новы месяц, трэба справаздачу рабіць», — расказвае Валянцін.

Пазней экс-палітвязню патэлефанаваў супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі, прадставіўшыся Галубковым Сяргеем Сяргеевічам. Міліцыянер растлумачыў, што мусіць даведацца, дзе знаходзіцца Лабачоў, і рабіць гэта трэба штотыднёва.

— На маё пытанне адносна таго, што яны зробяць, калі я не буду здымаць слухаўку, ці аб’явяць мяне ў вышук, ён адказаў: «Нам жа трэба будзе даведацца, што з табой».

Паліна Хрушч, mediazona.by