Алесь Чайчыц: Дзе будзе Беларусь пасьля вайны — вялікае пытаньне

Публіцыст у сваім блогу на «Р*д** Св*б*д*» разважае, ці будзе перамога Украіны ў вайне «цягніком» для дэмакратыі ў Беларусі. І прыходзіць да высновы, што можа стацца не так чакана і вясёлкава, як большасьць спадзяецца.

Вядома ж, 2022 год увойдзе ў гісторыю перадусім вайной пуцінскай Расеі супраць Украіны, якая зьмяніла наша жыцьцё, жыцьцё Эўропы і ўсяго сьвету.

Мы маем добрую нагоду спадзявацца на перамогу Ўкраіны. Захад ужо зашмат інвэставаў у гэтую перамогу — як фінансава, так і палітычна і эмацыйна — каб дазволіць Украіне прайграць.

Рэсурсы адсталай карумпаванай дзяржавы, як Расея, і ўсяго цывілізаванага сьвету несупастаўныя. І вайна адной Расеі супраць усяго сьвету — гэта не сусьветная вайна, а міжнародная апэрацыя па нэўтралізацыі аднаго канкрэтнага злачынца, як Слабадана Мілошавіча ці Садама Хусэйна, хоць і ўзброенага атамнай бомбай. Таму Расею ад паразы можа ўратаваць толькі цуд — нават калі пры гэтым яна здолее захаваць кантроль над нейкімі ўкраінскімі тэрыторыямі.

Хвіліна славы і выпрабаваньне Ўкраіны

Украіна, канечне ж, выйдзе з гэтай жахлівай вайны іншай, чым была перад гэтым. Не малацікавай пэрыфэрыяй адначасова Эўропы і Расеі, але новымі героямі, вядомымі на ўвесь сьвет.

Рэпутацыйны крэдыт, які ўкраінцы ўжо здабылі за 2022 год, ня мае прэцэдэнтаў. Кадры візыту брытанскага караля ва ўкраінскі сабор у Лёндане, Зяленскі на вокладках сусьветнай прэсы, зоркі спорту і кіно, якія выказваюць падтрымку Ўкраіне, якую яшчэ нядаўна яны, можа, не знайшлі б на мапе — усё гэта дэманструе будучы статус Украіны на бліжэйшыя гады: яна ператварылася ў сусьветную celebrity і Давіда, які змагаецца з Галіятам.

Але «хвіліна славы» будзе для Ўкраіны ня вечнай, і вялікае пытаньне, ці вытрымаюць украінцы гэтае выпрабаваньне. Бо, будзьма шчырымі, пры ўсёй сымпатыі, выпрабаваньне незалежнасьцю Ўкраіна вытрымала слаба. Расейскага ўварваньня 2014 году і цяперашняй вострай фазы вайны, магчыма, не было б, калі б карупцыя і кампрадорства, адсутнасьць рэформаў на фоне посьпехаў суседніх краін ад Польшчы да Румыніі, дэградацыя ўкраінскіх дзяржаўных інстытутаў не ператварылі краіну ў прывабную ахвяру.

І гэта не victim blaming, але канстатацыя факту: украінская палітычная эліта дзевяностых, нулявых і дзясятых амаль змарнавала сваю дзяржаву. За гэта Ўкраіна цяпер расплачвацца крывёю. У адносна мірныя дзевяностыя й раньнія нулявыя гады Латвія і Эстонія былі пад куды большым ціскам Расеі і пад куды большай небясьпекай агрэсіі. Але яны зрабілі правільны выбар — геапалітычны, перадусім — і былі яму верныя, у выніку чаго і перамаглі.

Посьпех Украіны пасьля вайны будзе неабходны беларусам гэтак жа сама, як цяпер неабходная перамога Ўзброеных сілаў Украіны над арміяй Пуціна.

Бо пасьпяховая рэфармаваная абноўленая Ўкраіна можа зрабіцца ледаколам на Захад і для Беларусі.

Перад тым як стане лепш, спачатку будзе горш

Пасьля сканчэньня халоднай вайны і распаду СССР такім героем, якім цяпер ёсьць Украіна, амаль што была Расея. Усе захапляліся Гарбачовым. Усе захапляліся Ельцыным.

Пасьля цяперашняй вайны Расея ў лепшым выпадку будзе як той чалавек, які з пахмельля ўзгадвае эпізоды крывавай бойкі, якую пачаў мінулай ноччу ў неадэкватным стане, спрабуе шакавана каяцца, брыдка прасіць прабачэньня ў навакольных, якія толькі грэбліва адмахваюцца ад яго.

Дзе будзе Беларусь у гэтым раскладзе — вялікае пытаньне. Цалкам магчыма, што яна будзе як Аўстрыя ці Італія пасьля Другой сусьветнай, якія ўладкаваліся ў статусе ахвяраў Гітлера, выдаўшы Нюрнбэрскаму трыбуналу сваіх злачынцаў.

Але перад тым, як стан рэчаў стане лепшым, ён можа стацца нашмат горшым.

Няма гарантый, што дваццаціпяцігадовыя гульні Лукашэнкі ў дражненьне мядзьведзя ня скончацца самым трагічным для Беларусі дый для яго асабіста чынам. Беларусь можа быць уцягнутая ў паўнавартасныя баявыя дзеяньні. Гэтыя баявыя дзеяньні могуць перакінуцца на тэрыторыю Беларусі.

Аншлюс Беларусі можа зрабіцца для Пуціна «суцяшальным прызам» пасьля паразы ва Ўкраіне. І мы можам застацца сам-насам з гэтай бядой у той час, як абыякавы сьвет будзе сьвяткаваць трыюмф Украіны і дапамагаць ёй адбудоўвацца. «Беларусь? Прыміце нашыя шчырыя спачуваньні, глыбокую заклапочанасьць і гарантыі юрыдычнага непрызнаньня анэксіі па аналёгіі з краінамі Балтыі ў часы Халоднай вайны. Убачымся праз 50 гадоў».

Сьвет любіць пераможцаў

Сьвет любіць дабро, якое перамагае зло. Сьвет любіць гісторыі з гэпі-эндам. Сьвет ня любіць лузэраў, пакуль тыя не ператварыліся ў пераможцаў і не ператварылі гісторыю сваёй колішняй бяды ў гісторыю пакутаў і адраджэньня.

І лепей, вядома, быць памяркоўна аптымістычнымі, прыгадваючы, як рэзка палепшылася рэпутацыя Беларусі і беларусаў у сьвеце падчас падзеяў 2020 году.

Беларусы цяпер дакладна ведаюць, што трэба рабіць, каб сьвет палюбіў іх зноў: падарыць сьвету новы гэпі-энд і пасьпяхова расправіцца з рэжымам Лукашэнкі. Можна спадзявацца, што беларусы ведаюць, якіх памылак, зробленых у 2020—2021 гадах, наступным разам трэба будзе не паўтарыць.

Але ўсё гэта пакуль толькі тэарэтычныя разважаньні пра момант, які мы яшчэ ня ведаем, калі настане.

Цяпер важная толькі адна рэч, якую ўсе мы павінны набліжаць усімі магчымымі сродкамі: данатамі, валянтэрствам, малітвай, рэпостам у сацсетках, а самыя годныя з нас — рэальным змаганьнем на фронце.

Гэтая рэч — ваенная перамога Ўкраіны. Да якой яшчэ далёка і якая ўсім нам патрэбная як нішто іншае, і якую так хочацца хутчэй пабачыць.

Паводле novychas.online