У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра сакрэтны ўказ, на які спасылаліся медыкі жодзінскай турмы, а таксама, як служакі хацелі павесіць на Вікторыю Кульша спробу нападу на карпуснога Валадаркі. Сёння распавяду пра так званых непрыкметных супрацоўнікаў калоніі, інфармацыйны вакуум за кратамі, а таксама, з якой прапановай палітвязні планавалі звярнуцца ў рэдакцыю «Новага Часу».
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Вышчар, што хаваецца за ўсмешкай
— Видимо, мама с папой вас плохо воспитали, — падціснуўшы вусны, вымавіла маёр ПК-4 Ларачкіна.
Я на чарговай камісіі па пакаранні. Колькі іх было за час знаходжання за кратамі, ужо цяжка ўспомніць. Усе адна на адну падобныя, кожны раз усё па звыклым сцэнары. Пасля двух-трох такіх мерапрыемстваў, ты, як гэта ні дзіка гучыць, але ўжо прызвычайваешся да іх, успрымаеш змрочную рэчаіснасць як неад’емную частку свайго зняволення.
Гэтая камісія была адметная тым, што я з яе самавольна сышла, гучна бразнуўшы дзвярыма. Мяне настолькі стаміла гэтая клаўнада, гэтае фальшывае маралітэ (дык і з боку каго? Таго, хто парушае закон больш, чым хто-небудзь)? Было брыдка было глядзець і слухаць дарослых дзядзек і цётак у пагонах, якія апантана пераконвалі мяне ў тым, што ажыццяўляюць вельмі высакародную місію — ратуюць краіну ад ворагаў народу, ад такіх, як я.
Я стаю насупраць доўгага стала, рукі за спінай. За сталом — начальнік калоніі Талсцянкоў і ўся яго світа: намеснікі Кавалёў і Лукомская, кіраўнік аператыўкі Алёхін, супрацоўніцы Драздова і Ларачкіна. Так званыя афіцэры мяне адчытваюць, прыніжаюць, абражаюць, высмейваюць, папракаюць. Паветра ў кабінеце вельмі спёртае, няма чым дыхаць. Моцна сціскае скроні.
У нейкі момант я папросту разварочваюся і выходжу з пакою. Світа Талсцянкова напачатку разгубілася, але ўжо праз некалькі секунд служакі кінуліся за мной. Дагналі яны мяне на калідоры адміністрацыйнага будынку, выглядалі разгублена. Я задаволена ўсміхнулася сама сабе.
Другая частка марлезонскага балету. Світа абураецца маімі паводзінамі, наракае, як я гэта, маўляў, пасмела праявіць да іх такую непавагу, нават не выслухала, без дазволу выйшла з памяшкання.
Больш за ўсіх шчыруе маёр Ларачкіна.
Таццяна Ларачкіна — з тых супрацоўнікаў, што маскіруюцца пад абыякавых. Ні рыба, ні мяса. Серая мыш. Яе пасаду ў калоніі толкам нават ніхто не ведае. Стараецца нібыта і не запэцквацца асабліва ў рэпрэсіях супраць палітычных, але ў атачэнні світы выслугоўваецца на ўсе сто. Ажно са скуры вылузваецца.
Такіх супрацоўнікаў у калоніі хапае. Непрыкметныя, з выгляду спакойныя. Калі размаўляюць з палітычнымі сам-насам, праяўляюць спагаду, разуменне. Але як толькі даходзіць да публічнай поркі палітвязня, яго цкавання, такі супрацоўнік з маланкавай хуткасцю пераабуваецца і становіцца шакалам у зграі. Ён ужо не ўсміхаецца табе, а дэманструе звярыны вышчар. І гатовы без ваганняў разарваць цябе, калі прагучыць адпаведная каманда.
— Вам ніхто не даў права абражаць маю сям’ю. Я вам гэтага не дазволю. І ўвогуле прадстаўцеся, хто вы такая? Я хачу ведаць, з кім я размаўляю, — сціснуўшы сківіцы, пытаюся ў маёршы.
Заўважаю, як у гэты момант збялеў твар начальніка калоніі. Неўраўнаважаны падпалкоўнік пачаў пырскаць слінай:
— Да я на тебя новый рапорт напишу за неуважение к администрации! А ну, подготовьте мне немедленно документы! — звярнуўся той да зграі.
Дзесяць сутак ШІЗА за тое, што папрасіла супрацоўніцу прадставіцца. Калі задумацца, дык а што ў маім пытанні такога абразлівага было? У чым я праявіла непавагу?
Зразумела, што не за пытанне пакаралі, а за выклік. Такія рэчы ў калоніі не даруюцца. Нельга «выдзяляцца са статку», бо зграя цябе тады загрызе. Чалавек з жоўтай біркай мусіць сядзець ціха, як мыш пад венікам. У адваротным выпадку, як неаднойчы казаў Талсцянкоў, «мне хватит административного ресурса поставить тебя на место».
Хто б сумняваўся, «гражданин начальник». Толькі вось дручкамі можна зламаць косці, але не волю чалавека.
Душыць палітычных, каб сістэма саміх не зжэрла
Маёры Алег Белы і Дзмітрый Шкаруба — таксама нібыта з ціхоняў. Але ў гэтай сістэме ты ціхоня да пары да часу. Прыстойным чалавекам, сапраўдным афіцэрам табе ў ёй быць не дазволяць.
Нават калі і пэцкацца ў рэпрэсіях нібыта і не камільфо для такіх людзей, яны ўсё роўна гэта прама ці ўскосна робяць — у адваротным выпадку людажэрная сістэма зжарэ іх саміх.
Я іх дзеянні не апраўдваю і не разумею. Баязліўцы, якія хлусяць самім сабе, калегам-мучыцелям у пагонах, палітвязням, грамадству. Хіба гэта жыццё? Калі так, то ў чым тады сэнс такога жыцця?
Белы ўвесь час усміхаецца, жартуе з палітвязнямі. Многія асуджаныя лічаць яго дабраком, нахвальваюць, ледзь ці не моляцца на яго. Пакуль не ўбачаць яго ў іншай сітуацыі, пакуль ён не праявіць сваё сапраўднае аблічча. Калі сістэма загадвае «душы», афіцэр Белы пачынае душыць. Ужо без усмешкі. Вельмі паслядоўна і цынічна.
Гэты служака і мне добразычліва ўсміхаўся калісьці, але калі паступіў загад, напісаў на мяне рапарт. У дакументах маёр Белы сведчыў аб тым, што я крычала «Жыве Беларусь!»
Алег Белы неаднойчы пагражаў Паліне Шарэнда-Панасюк. Мы ў той час адбывалі з палітзняволенай суткі ў штрафным ізалятары. У той вечар камеры абыходзіў маёр Белы. Паліна сказала яму, што «рапарт сфармуляваны пад палітычным ціскам», на што пачула: «Еще раз такое повторится, вы добавите какую-то отсебятину и будете сдавать рапорт не по образцу, я составлю на вас документы о нарушении».
Недалёка ад Белага сышоў і дзяжурны памочнік начальніка калоніі (ДПНК) Дзмітрый Шкаруба.
Той таксама любіць жартаваць і смяяцца, але калі загадаюць, паводзіць сябе з палітвязнямі вельмі жорстка.
— Осужденная Херше. Если вы не пройдете в комнату для досмотра, против вас будет применена физическая сила, — пагражаў ён неяк у камеры ПКТ маёй сяброўцы. Вось і ўся іх «дабрыня». Вось і ўся цана іх усмешкам і спагадзе. Не адчуваюць гэтыя людзі нічога ў дачыненні да нас, не маюць ніякай эмпатыі, гэта відавочна. Адзінае, пра што яны дбаюць, дык гэта пра ўласны дабрабыт і асабістую бяспеку. І, крый божа, каб не выглядаць ненадзейнымі элементамі ў вачах зграі. Навошта гэтыя праблемы?
Новы час надыдзе
— Класковская, ну что ты за газеты читаешь? Они же сплошной бред несут, врут все. Вот, я тут даже подчеркнула, — прапыхкала тагачасная начальніца рэжымнага аддзела Ала Дашэўская.
Красавік 2021 года. Гомельская калонія. Мяне тузанулі з санчасткі на размову да рэжымніцы.
У той час у Беларусі яшчэ заставаліся рэшткі незалежных друкаваных медыя. Мы, палітвязні, былі на іх падпісаныя яшчэ з СІЗА. На некаторыя выданні дык адразу па некалькі разоў: падпіску афармлялі не толькі нашыя сваякі і сябры, але і шмат незнаёмых людзей.
На стале перад Дашэўскай — стос газет і часопісаў. Маёрша з важным выглядам перагортвае старонкі выданняў і паказвае мне падкрэсленыя чырвонай ручкай сказы. На адной са старонак звяртаю ўвагу на цалкам вылучаны чырвоным загаловак «Палітзняволенага Ігара Лосіка змясцілі ў карцар».
— Ну вот что это здесь написано? Какой-такой «политзаключенный»? Ты что, тоже себя считаешь политзаключенной? — ядавіта ўсміхаецца Дашэўская.
— Рэч не ў тым, што я так лічу. Так лічыць уся дэмакратычная грамадскасць, не толькі беларуская. А тое, што лічыць адміністрацыя гомельскай калоніі з гэтай нагоды, мяне не асабліва хвалюе, шчыра кажучы. Аддайце, калі ласка, газеты, — стомлена кажу рэжымніцы.
— Содержание твоих так называемых газет носит циничный характер. Поэтому ничего я тебе не отдам, — ядавіта прашыпела тая.
— Не аддадзіце, дык не аддадзіце. Усё роўна праўду не схаваеце, як бы ні шчыравалі, — скончваю я бессэнсоўны дыялог.
— А зачем тебе газеты читать? — ёрнічаў пазней на камісіі па пакаранні намеснік начальніка калоніі Кавалёў. — Ходи на фабрику, смотри БТ, читай «Советскую Белоруссию», и будет тебе счастье.
— Дзякуй, але я памыйнымі прапагандысцкімі медыя не цікаўлюся. Лепей ужо красворды тады разгадваць, — адказала яму тады.
Інфармацыйная блакада. Інфармацыйны вакуум. Як часта чуем гэтыя выразы, калі гаворка ідзе пра варункі, у якіх утрымліваюць палітвязняў. Бясспрэчна, гэта таксама від катаванняў. Па нервовай сістэме знясіленага чалавека б’е даволі моцна.
Узгадваю пачатак адседкі і разумею, што тады, у 2020-м, мы, можна сказаць, сядзелі яшчэ ў трошкі іншай рэальнасці. Так, было вельмі шмат іншых праблем, здзекаў і пакут, але нам аддавалі лісты, мы рэгулярна атрымлівалі газеты і часопісы. Тады мне падавалася, што я ў інфармацыйным вакууме. Аказалася, гэта былі лайтовыя часы, што да доступу да інфармацыі. Сапраўдная ж, суцэльная блакада была наперадзе.
Спачатку ў гомельскай калоніі нам фактычна абрубілі магчымасць атрымліваць незалежныя выданні (быў гэта сакавік-красавік 2021 года), а праз некалькі месяцаў перакрылі кісларод і з ліставаннем.
Зноў у думках вяртаюся ў СІЗА. Больш за ўсё мы чакалі там перадачы, лісты і свежы нумар «Новага Часу». Перачытвалі экзэмпляр па некалькі разоў, ад коркі да коркі. Аднойчы на Валадарцы прыдумалі і такую забаву: была ў НЧ рубрыка «Дзень народзінаў за кратамі», у якой друкаваліся фотаздымкі і даты нараджэння палітвязняў. Каб трошкі сысці ад балючай рэчаіснасці, мы пачалі выбіраць сабе жаніхоў, прыдумляць розныя рамантычныя гісторыі. Фантазіравалі, як сустрэнемся з імі, калі ўсе нарэшце вызвалімся, што скажам адзін аднаму.
— А давайце напішам у рэдакцыю з прапановай перайменаваць гэтую рубрыку на «Давай ажэнімся». А што? Палітвязні мусяць быць жанатыя выключна на палітвязынках, — сарамліва ўсміхнулася Віка Міронцава.
У першы дзень народзінаў за кратамі я не атрымала з дому паштоўку: мама, прадбачыўшы гэта, загадзя павіншавала мяне са святам на старонках «Новага Часу»…
Пра гэтыя моманты я згадваю з цеплынёй, з сумам, з болем. І ком у горле, і адначасова ўсмешка на вуснах.
Новы час усё роўна прарвецца. Ён абавязкова прыйдзе. І ніякая цэнзура яго не спыніць.
Працяг будзе.