Беларускіх палітвязняў, якія вышлі з месцаў зняволення, выціскаюць з краіны, запісваюць у экстрэмісцкія спісы, трымаюць кругласуткава пад пастаянным кантролем. «Радыё Рацыя» пагаварыла пра гэта з праваабаронцам Леанідам Судаленка.
РР: Як праходзіць вашая адаптацыя, што цікавага і незвычайнага вы для сябе адкрылі ў гэтыя нядоўгія часы на волі?
Леанід Судаленка: Я ўжо крыху больш месяца на волі. Мая воля так званая складаецца з двух частак, першая частка – гэта 11 дзён я правёў у Беларусі, дома, у Гомелі. У першую чаргу чакаў, пакуль зраблю сабе новы пашпарт, таму так зацягнула. Таму што я разумеў, што з’язджаць трэба. І кожны дзень мог быць апошні ў мяне, таму што прад’яўленне новых мне абвінавачванняў у сувязі з тым рэпрэсіўным заканадаўствам, якое сёння існуе, было пытанне часу. Я гэта разумеў, таму з’ехаў. Прыняў для сябе вельмі цяжкае, складанае рашэнне з’ехаць, таму што сям’я мая засталася ў Гомелі, я з’ехаў адзін.
А другая частка – гэта, безумоўна, тут, у Вільні, канешне, я адчуваю сябе ў небяспецы, але трэба вырашаць багата пабытовых пытанняў, легалізацыю атрымаць і ўсё астатняе. Вось гэтымі пытаннямі я зараз і займаюся. Спрабую атрымаць візу, вось падаў дакументы, ды іншыя такія бытавыя вырашаю пытанні. Вось з гэтага і склаўся той час, які я ўжо на волі. Падкрэсліваю, самае галоўнае тое, што я зараз ужо ў небяспецы, адчуваю сябе добра і гатовы працаваць у праваабароне, на карысць нашай роднай Беларусі
РР: Наколькі складана праходзіць легалізацыя?
Леанід Судаленка: Канешне, ёсць пэўныя бюракратычныя пытанні. Але ж трэба іх проста пераадольваць. Для любога чалавека – гэта зразумела, што парадак павінен існаваць. Я не бачу пакуль складаных пытанняў у гэтым сэнсе.
РР: Як лепш, расказваць у СМІ і на прасторах інтэрнэту пра тое, што адбываецца з вамі ў месцах зняволення ці маўчаць, як некаторыя баяцца вельмі асвятляць? Як для самога вязня лепш трэба рабіць: ці ставіць у вядомасць грамадскасць ці адмаўчацца, думаючы, што неяк гэта табе палепшыць твой бядотны стан у месцах зняволення?
Леанід Судаленка: Безумоўна, калі чалавек гатовы і адкрыты пра гэта казаць, трэба пра гэта казаць. Хіба ў кожнага чалавека ёсць свой узровень адкрытасці, напрыклад, у кожнага ў Беларусі засталіся родныя, блізкія, на якіх лёгка націснуць. І, канешне, з’ехаўшы сюды, я не адчуваю поўнай бяспекі сваёй сям’і, напрыклад, таму што яна засталася ў Беларусі. Тут складанае пытанне, і нельга асуджаць таго чалавека, былога палітвязня, які выйшаў і маўчыць.
Маўчыць таму, што хвалюецца за сябе ў першую чаргу, асабліва, калі ён застаўся ў Беларусі, дык наогул слова скажы і табе адразу прыляціць новы тэрмін. Канешне, асуджаць гэтых людзей не трэба. Наколькі магчыма, я прыняў для сябе рашэнне быць адкрытым у гэтым сэнсе, таму што, калі пра гэта не казаць, праблема ніколі не знікне.
Калі ў дачыненні да палітычных у месцах зняволення адкрытая дыскрымінацыя прымяняецца, дык я пра гэта кажу, я праз усё гэта прайшоў. У дачыненні да мяне ўсё гэта прымянялася. І калі пра гэта не казаць, падкрэсліваю, дык і праз 10 год будуць людзі заязджаць палітычныя, і гэтая праблема не будзе вырашаная. І зноў жа трэба памятаць, што мы зараз на волі, у небяспецы, а звыш 1500 палітвязняў застаюцца там, і яны штодзённа сустракаюцца з тымі ці іншымі праявамі дыскрымінацыі ў параўнанні з іншымі вязнямі, якія не з’яўляюцца палітычнымі. Гэта трэба памятаць і пра гэта трэба казаць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: