Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі, створаная мінулай восенню, аб’ядноўвае педагогаў, якія патрапілі пад каток рэпрэсій і мусілі ратавацца з Беларусі. Спатрэбіўся час і высілкі, каб легалізавацца ў Польшчы. Але, здаецца, самы цяжкі перыяд ужо пройдзены, і Асацыяцыя распачала актыўную дзейнасць.
Пра планы і магчымасці «Новаму Часу» распавёў старшыня Рады Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі Павел Церашковіч.
— Асацыяцыя створана ў лістападзе мінулага года, але многа часу і высілкаў сышло на легалізацыю. Мы прайшлі ўсе ступені росту: падрыхтавалі ўнутраныя дакументы, знайшлі партнёрскую арганізацыю — Рух беларускай салідарнасці. Гэта парасонавая структура кшталту інкубатара: усім вядомыя бізнес-інкубатары, а гэта інкубатар НДАшны. Яна дае права дзейнічаць ад імя юрыдычнай асобы, мець банкаўскі рахунак — то-бок займацца той дзейнасцю, на якую мы і разлічвалі.
За гэты час назбіралася ўжо некалькі праектаў. У тым ліку атрымалі грошы на рэалізацыю праекта, накіраванага на дапамогу дзецям з асаблівасцямі, якія з’ехалі разам з бацькамі з Беларусі і знаходзяцца ў Варшаве. Такія дзеці часта маюць праблемы з маўленнем, і калі яны трапляюць у іншае моўнае асяроддзе, то ўсе іхнія праблемы памнажаюцца. Гэты праект разлічаны на аказанне дапамогі такім дзеткам, якую знайсці вельмі і вельмі няпроста.
Другі праект скіраваны на настаўнікаў (і на тых, якія апынуліся ў эміграцыі), але магчыма таксама праца і з настаўнікамі ў Беларусі. Мы аказваем метадычную дапамогу настаўнікам, у тым ліку ў засваенні так званага кампетэнтнаснага падыходу, які на сённяшні дзень з’яўляецца базавым ва ўсёй Еўропе. Дарэчы, з гэтымі кампетэнцыямі спрабавалі працаваць і ў Беларусі, але не скажу, што атрымалася вельмі добра: далёка не ўсе настаўнікі ведаюць, што гэта такое і як з імі працаваць.
Наступны праект арыентаваны на будучыню — на рэформу адукацыі, у тым ліку школьнай. Адна з самых вострых праблем, якія існуюць сёння ў беларускай школе, — гэта якасць падручнікаў. Зараз мы рыхтуем новы падручнік для дзясятага класа па геаграфіі: гэта сацыяльна-эканамічная геаграфія свету. Мэта — стварыць новы падручнік, які б быў пазбаўлены ўсіх хібаў, зробленых у цяперашніх школьных падручніках. Напісанне новага дапаможніка грунтуецца на абагульненні досведу выдання падобных тэкстаў у вялікай колькасці краін свету, у тым ліку ў краінах, дзе сёння вельмі шмат беларусаў: у Польшчы, Літве, Германіі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амерыкі, Індыі і нават знайшлі вельмі цікавы падручнік у Кеніі. З падборкі абагульненняў усяго гэтага рыхтуецца новы падручнік. Вельмі дзіўна, што ў нас нават геаграфія дастаткова ідэалагічная дысцыпліна. Мы ж паставілі за мэту зрабіць дапаможнік, каб там было як мага меней ідэалогіі.
Наступны праект рэалізуецца з дапамогай Германіі. Мы плануем давесці да нямецкіх палітыкаў, да прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці факты рэпрэсій у акадэмічным асяроддзі ў Беларусі. Зараз мы праводзім апытанне беларускіх прафесараў, выкладчыкаў, якіх звольнілі з беларускіх універсітэтаў. Гэтае апытанне ляжа ў аснову тэста, які мэтанакіравана будзем прапанаваць нямецкім палітыкам, прадстаўнікам недзяржаўнага сектара такім чынам, каб арганізаваць дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.
— Як можна звязацца з Асацыяцыяй?
— Ужо з’явіўся сайт нашай Асацыяцыі, куды можна звярнуцца па дапамогу. Але я хачу адразу падкрэсліць, што мы аб’ядналіся ў Асацыяцыю — супольнасць людзей, якія разам спрабуюць вырашыць праблемы. Гэта не фонд, у нас няма сродкаў, каб адразу аказаць дапамогу. Але рэсурсы, якія ў нас ужо ёсць у наяўнасці (магчымасць працаваць ад імя юрыдычнай асобы, банкаўскія магчымасці, бухгалтарскія), дазваляюць людзям, якія далучацца да нашай Асацыяцыі, падаваць заяўкі на праекты, атрымліваць гранты, узаемадзейнічаць з намі. Таму запрашаю ўсіх жадаючых далучыцца да нас, тым больш што Асацыяцыя пакуль невялікая, у нас папросту не хапае працоўных рук, няма каму шчыльна працаваць і з іншым нашым сайтам — «Адукацыйны кірмаш».
Самае галоўнае, што мы збіраем людзей разам, бо гуртам многія праблемы вырашаць значна лягчэй.
— То-бок на гэты момант Асацыяцыя ў асноўным аказвае арганізацыйна-юрыдычную дапамогу?
— Сёння мы не можам дапамагчы людзям непасрэдна, бо на гэта няма рэсурсаў. Але мы даём магчымасць рэалізаваць свае ідэі, то-бок дапамагчы сабе самім.